На тэрыторыі хімічнага прадпрыемства Currenta ў горадзе Левэркузэн на захадзе Нямеччыны сёньня раніцай адбыўся выбух, успыхнуў пажар. Загінуў адзін чалавек, у шпіталі дастаўлена 16 параненых, зь іх чацьвёра ў цяжкім стане.
Як паведамляе DW са спасылкай на кампанію Currenta, пасьля выбуху, які адбыўся ў сховішчы цэнтру зьнішчэньня адкідаў, невядома месцазнаходжаньне чатырох супрацоўнікаў.
Фэдэральнае ведамства па абароне насельніцтва і пераадоленьні наступстваў катастрофаў абвясьціла папярэджаньне аб надзвычайнай ступені небясьпекі, заклікаўшы людзей на прылеглых да месца аварыі тэрыторыях зайсьці ў будынкі і зачыніць усе вокны і дзьверы.
Маштаб і наступствы аварыі, а таксама прычыны выбуху выяўляюцца, паведамляе паліцыя фэдэральнай зямлі Паўночны Рэйн — Вэстфалія.
Аднак, як паведамляе DW, першыя тэсты паветра паказалі адсутнасьць небясьпекі.