Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводкі ў Эўропе: колькасьць загінулых вырасла да 183, непагадзь пашырылася на Чэхію, Аўстрыю і Швайцарыю


Як найменей 156 чалавек загінулі ў выніку паводкі ў Нямеччыне, якую апісваюць як самую вялікую за апошнія дзесяцігодзьдзі
Як найменей 156 чалавек загінулі ў выніку паводкі ў Нямеччыне, якую апісваюць як самую вялікую за апошнія дзесяцігодзьдзі

Агульная колькасьць загінулых у выніку нядаўняй паводкі ў частцы Заходняй Эўропы дасягнула 183, заявілі чыноўнікі 18 ліпеня. Дзясяткі людзей застаюцца зьніклымі бязь вестак.

«Ёсьць асцярогі, што колькасьць загінулых павялічыцца», — сказана ў заяве паліцыі нямецкай зямлі Рэйнлянд-Пфальц. Паводле заявы, толькі ў гэтым рэгіёне пацярпелі 670 чалавек.

У дадатак да чатырох найбольш пацярпелых краін — Нямеччыны, Бэльгіі, Нідэрляндаў і Люксэмбургу — паводкі цяпер пашырыліся на часткі Швайцарыі, Аўстрыі і Чэхіі.

Як найменей 156 чалавек загінулі ў выніку паводкі ў Нямеччыне, якую апісваюць як самую вялікую за апошнія дзесяцігодзьдзі. Агульная колькасьць загінулых у выніку паводкі ў Бэльгіі склала 27 чалавек.

Паведамляецца, што як мінімум адзін чалавек загінуў у Баварыі, недалёка ад аўстрыйскай мяжы, падчас моцных дажджоў у ноч з 17 на 18 ліпеня. Надзвычайнае становішча абвешчана ў Верхняй Баварыі, Нямеччына.

«На жаль, залевы і штормы наносяць сур’ёзную шкоду ў некалькіх частках Аўстрыі», — напісаў канцлер Аўстрыі Сэбастыян Курц у сваім акаўнце ў Твітэры.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель плянуе 18 ліпеня наведаць спустошаную вёску Шульд, каб агледзець наступствы і сустрэцца з ацалелымі. Прэзыдэнт нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер наведаў зону паводкі 17 ліпеня і заклікаў падтрымаць пацярпелых ад паводкі ахвяраваньнямі.

Рух цягнікоў паміж Нямеччынай і Чэхіяй прыпынены праз тэхнічныя праблемы, выкліканыя ўмовамі надвор’я. Чыноўнікі заяўляюць, што зрывы скончацца да канца дня 18 ліпеня.

Старшыня Эўрапейскай камісіі Урсуля фон дэр Ляен наведала 17 ліпеня затопленыя раёны Бэльгіі.

«Эўропа з вамі. Мы з вамі ў горы і будзем з вамі пры аднаўленьні», — сказала яна, зьвяртаючыся да пацярпелых.

Маштаб катастрофы ў Нямеччыне стаў больш відавочным, калі салдаты пачалі выкарыстоўваць бронетэхніку для расчысткі вуліц, а інжынэры пачалі ацэньваць, якія будынкі давядзецца зьнесці. У іншых раёнах вадалазы шукалі дамы і транспартныя сродкі, якія апынуліся пад вадой.

Бэльгія абвясьціла 20 ліпеня афіцыйным днём жалобы па ахвярах паводкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG