Кампанія «Белавія» патлумачыла прычыну яшчэ аднаго інцыдэнту зь іх самалётам

Пасажыры «Белавія», ілюстрацыйнае фота

Кіраўніцтва кампаніі «Белавія» расказала, што перапыніць рэйс Менск — Хургада прымусіла сутыкненьне самалёта з пасажырскім трапам.

Падчас буксіроўкі Boeing 737-800, які павінен быў выканаць рэйс В2-8213 на эгіпецкі курорт Хургада, сутыкнуўся з тэлескапічным трапам. У выніку была пашкоджаная заканцоўка левага паўкрыла паветранага судна, паведамілі БелаПАН у прэс-службе «Белавія».

Пасьля пяцігадзіннай затрымкі пасажыры адляцелі ў Эгіпет іншым самалётам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша Ніва»: авіядыспэтчар, які садзіў самалёт з Пратасевічам, зьехаў зь Беларусі

«Для вызначэньня дакладных прычынаў інцыдэнту, у тым ліку ацэнкі дзеяньняў кіроўцы буксіру, будзе створана спэцыяльная камісія», — адзначылі ў кампаніі.

Інцыдэнты з самалётамі «Белавія» здараюцца другі дзень запар. Напярэдадні падчас чартэрнага палёту ў турэцкую Анталію экіпаж падаў сыгнал бедзтва з прычыны няспраўнасьці рухавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самалёт «Белавія», які ляцеў у турэцкую Анталью, тэрмінова прызямліўся у Маскве, падаўшы сыгнал бедзтва

У выніку самалёт зьмяніў курс над Варонежам і прызямліўся ў маскоўскім аэрапорце «Дамадзедава». Турысты паляцелі далей на рэзэрвовым самалёце.