Сэрбы ня будуць удзельнічаць у рабоце Рады міністраў, Прэзыдыюму і Парлямэнцкай асамблеі. У выніку згаданыя органы будуць фактычна заблякаваныя.
Галоўныя службовыя асобы Рэспублікі Сэрбскай і лідэры сэрбскіх палітычных партыяў такім чынам адрэагавалі на рашэньне высокага прадстаўніка міжнароднай супольнасьці ў краіне аб забароне адмаўляць генацыд.
Гэтую пасаду займае Валентын Інцка. 23 ліпеня на падставе сваіх паўнамоцтваў ён унёс у Крымінальны кодэкс краіны зьмены, якімі забаронена аспрэчваць, перамяншаць або апраўдваць генацыд, злачынствы супраць чалавечнасьці і ваенныя злачынствы, учыненыя на тэрыторыі краіны і ўстаноўленыя кампэтэнтным прысудам.
Міларад Додзік, сэрбскі прадстаўнік у Прэзыдыюме Босьніі і Герцагавіны, заявіў, што Інцка «ня мае легітымнасьці» і што Рэспубліка Сэрбская больш ня будзе ўспрымаць яго рашэньняў. Ён дадаў, што парлямэнт басьнійскіх сэрбаў неўзабаве на надзвычайнай сэсіі прыме два закона, якія тычацца рашэньняў высокага прадстаўніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская чакае ад Ізраілю больш рашучай ацэнкі дзеяньняў рэжыму ЛукашэнкіМіжнародны трыбунал для былой Югаславіі ўстанавіў, што ў ліпені 1995 году ў Срэбраніцы, мястэчку на ўсходзе Босьніі і Герцагавіны, сілы басьнійскіх сэрбаў учынілі генацыд — расстралялі больш за 8000 мужчын басьнійскай нацыянальнасьці. Устаноўленыя таксама шматлікія злачынствы супраць чалавечнасьці і ваенныя злачынствы.
У ніводным з прысудаў не гаворыцца пра сэрбскі народ, а ідзецца пра канкрэтныя злачынствы, учыненыя канкрэтнымі асобамі.
Лідэры басьнійскіх сэрбаў, а таксама пэўныя палітычныя дзеячы ў Сэрбіі апошнім часам сьцьвярджаюць, што генацыду і злачынстваў не было і што сэрбы ў 1992–95 гадах вялі абарончую вайну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША выведуць войскі з Іраку да канца 2021 году