Леанід Краўчук ужо месяц у рэанімацыі, яго падключылі да ШВЛ

Леанід Краўчук, 2020 год

Першы прэзыдэнт Украіны, а таксама прадстаўнік Трохбаковай кантактнай групы Леанід Краўчук ужо месяц знаходзіцца ў рэанімацыі пасьля апэрацыі на сэрцы.

Пра гэта паведаміла тэлебачаньню hromadske прэс-сакратарка Краўчука Аксана Сібірцава. «Вельмі павольная дынаміка паляпшэньня», — сказала яна.

Паводле яе, стан здароўя першага прэзыдэнта пасьля апэрацыі не палепшыўся, яго падключылі да апарату штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

У канцы чэрвеня стала вядома, што Краўчук перанёс апэрацыю на сэрцы. Тады яго здароўе не камэнтавалі. Сам Краўчук прасіў тады не камэнтаваць гэта, акрамя як толькі паведаміць сам факт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Леаніду Краўчуку зрабілі апэрацыю на сэрцы

87-гадовы Леанід Краўчук у 1991–1994 гадах быў першым прэзыдэнтам незалежнай Украіны, ён адзін з падпісантаў (разам з Барысам Ельцыным і Станіславам Шушкевічам) Белавескіх пагадненьняў аб дэнансацыі Саюзнай дамовы.

Зь ліпеня 2020 году Леанід Краўчук — старшыня Кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За 26 гадоў пры ўладзе чалавечага ў Лукашэнку фактычна не засталося», — Леанід Краўчук