Суд у Чэхіі асудзіў беларуса на 21 год турмы за ўдзел у вайне ў Данбасе

Апэляцыйны суд у Чэхіі асудзіў 41-гадовага беларуса Аляксея Фадзеева на 21 год турмы за ўдзел у вайне на ўсходзе Ўкраіны на баку прарасейскіх сэпаратыстаў. Ён прызнаны вінаватым у тэрарызьме. Пра гэта паведамляе Novinky.cz.

Фадзееў шмат год жыве ў Чэхіі. З кастрычніка 2014-га па травень 2016 году ён неаднаразова выяжджаў у Данбас з мэтай падтрымкі сэпаратысцкіх груповак і служыў ва ўзброеных сілах аднаго з сэпаратысцкіх утварэньняў.

Суд першай інстанцыі асудзіў яго за гэта на 4,5 года пазбаўленьня волі. Тады судзьдзя палічыла, што Фадзееў ня браў удзелу ў баях і вёў толькі дапаможную працу. Аднак пракуратура абскардзіла гэтае рашэньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі пасьмяротна ўзнагародзіў мэдыка-беларуса, які загінуў на Данбасе

Абарона беларуса настойвала, што зь яго трэба зьняць абвінавачаньні, бо ён, як сьцьвярджаецца, ня ўдзельнічаў у баях на перадавой. Сьцьвярджалася, што Фадзееў паехаў ва Ўкраіну для абароны мірнага насельніцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі б былі ўсе такія, як я, Смаленск быў бы беларускім». Як баявік «ЛНР» вярнуўся ў Беларусь