З пачатку году ў Літве затрымалі кантрабандных цыгарэтаў на суму 32 млн эўра, у лідэрах маркі Minsk і Fest

Беларуская цыгарэтная кантрабанда. Архіўнае фота

Усяго з пачатку 2021 года літоўскія мытнікі затрымалі амаль 9 млн пачкаў цыгарэт, якія спрабавалі нелегальна правезьці празь мяжу. Большасьць іх (75%) — беларускай вытворчасьці (маркі Minsk, Fest, NZ і Queen). Амаль усе астатнія (23%) — цыгарэты з Калінінградзкай вобласьці.

Аб’ём кантрабанды прыкладна такі ж, як і летась, паведамляе Мытная служба Літвы.

На мяжы зь Беларусьсю перахапілі 72% цыгарэт, 22% выяўленыя ўнутры краіны і 6% — на мяжы з Расеяй.

Літоўская мытня адзначае, што сёлета падаражэлі цыгарэты на чорным рынку. Адзін пачак Minsk, Fest або NZ варты 1,9-2 эўра, а летась такі ж пачак каштаваў 1,7 эўра.

Толькі ўчора ў Літве затрымалі чарговую партыю кантрабандных беларускіх цыгарэт на суму звыш 1 млн эўраў. Затрымалі грузавы аўтамабіль, які ўяжджаў у Літву зь Беларусі з 21,5 тоны драўляных панэляў. Прасканаваўшы грузавік, мытнікі выявілі больш за 300 тысяч пачкаў цыгарэт Minsk Capital MS.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве затрымалі чарговую партыю кантрабандных беларускіх цыгарэт на суму звыш 1 млн эўра

А ўсяго тры дні таму на гэтым жа пункце мытнікі выявілі партыю беларускіх цыгарэт на амаль 2 млн эўраў.
Тады крымінальная служба мытні паведаміла, што кантрабанду выявілі ў грузавіку Scania, за стырном якога быў грамадзянін Беларусі. Кіроўца дэкляраваў, што вязе транзытам празь Літву ў Польшчу 20,5 тоны драўніны.

Пры дэталёвай праверцы выявіліся схованкі, поўныя цыгарэтаў Minsk Capital MS.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як «тытунёвыя» санкцыі закрануць беларускую эканоміку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:  Чаму Эўразьвяз увёў санкцыі супраць «тытунёвага караля» Беларусі Алексіна