Якія сыгналы падаваў Лукашэнка ў інтэрвію Sky News Arabia

Падчас інтэрвію. Фота з сайту president.gov.by

Аляксандар Лукашэнка даў гадзіннае інтэрвію тэлеканалу Sky News Arabia. Брэнд у канала брытанскі, але па сутнасьці гэта арабскі канал на арабскай мове.

Якія тэмы закранулі падчас інтэрвію:

  • пасадку самалёта Ryanair у Менску;
  • адносіны Беларусі з Захадам;
  • уплыў санкцый на эканоміку краіны;
  • нелегальную міграцыю;
  • будучы ўдзел Беларусі ў чарговай сэсіі Генэральнай асамблеі ААН.

Лукашэнка выказаўся пра тое, хто вінаваты ў нелегальнай міграцыі. Ён заявіў, што ў Літве ёсьць злачынныя групоўкі, якія за грошы прывозяць мігрантаў, і што лічыць, пасьля ўвядзеньня санкцый Беларусі было б дзіўна абараняць Літву ад мігрантаў. Калі Літве патрэбна будзе дапамога, «мы гэтую дапамогу ім акажам, але ўжо не задарма».

Ён таксама заявіў, што беларускай эканоміцы санкцыі (ён іх назваў удушэньнем беларускага народу) не нанесьлі шкоды, а ВУП сёлета нават вырас на 3,5%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кіраўнік МЗС Літвы: «Заявы Лукашэнкі? Ад тэрарыстычнага рэжыму на іншае не разьлічваем»

Асноўныя тэзісы ягонага выступу камэнтуе палітоляг Павел Вусаў.

— Я думаю, што гэта спроба проста выйсьці на міжнародны інфармацыйны парадак дня, таму што Лукашэнка пасьля выбараў 2020 году знаходзіцца ў поўнай інфармацыйнай ізаляцыі, калі казаць наогул аб міжнародным узроўні. Нават расейскія сродкі масавай інфармацыі неахвотна ўдзельнічаюць у піяры Лукашэнкі. І вось выкарыстаньне сваіх сяброў з Саудаўскай Арабіі, таму што ў Лукашэнкі і яго клану вельмі добрыя ўзаемаадносіны — фінансавыя, эканамічныя, асабістыя — з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, з Саудаўскай Арабіяй, таму яны вырашылі, як мне здаецца, выкарыстаць гэты фактар для таго, каб выйсьці якраз на заходні інфармацыйны рынак. І асноўныя мэсыджы для гэтага заходняга інфармацыйнага сэгмэнту Лукашэнка вызначыў у гэтых двух урыўках, якія разьмясілі інфармацыйнае агенцтва БелТА і «Пул першага», гэта наконт санкцый.

Павал Вусаў

Сыгнал там ня толькі ў тым, што ён гатовы за грошы спыніць паток мігрантаў, а сыгнал важны быў у тым, што яны гатовыя да дыялёгу, яны гатовыя сесьці і размаўляць зь Літвой ці з Захадам, нягледзячы на тое, што іх ціснуць і душаць, але гэта быў ясны сыгнал для Захаду. Можа быць, у чымсьці завуаляваны — у тым, што сыстэма гатова пайсьці на нейкія размовы з суседзямі, перш за ўсё з Літвой і, безумоўна, празь Літву — з Эўрапейскім зьвязам. Паглядзім, што яшчэ было ў іншых урыўках. Поўнага інтэрвію пакуль не апублікавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка заявіў, што гатовы дапамагчы Літве разьвязаць крызіс зь мігрантамі, але «не задарма»

ВУП Беларусі вырас на 3,5%, нягледзячы на санкцыі?

— Гэта ўвогуле трэнд. Цяпер кожны дзень ад умоўнага прэмʼер-міністра да міністра замежных спраў, умоўнага Макея, кожны дзень яны гавораць пра тое, што ВУП Беларусі павялічыўся. Апошні раз Лукашэнка казаў гэта на сустрэчы з Пуціным. Афіцыйнай статыстыкі мы ніколі ня ўбачым, не даведаемся, а без доступу да агульных дадзеных гэта вельмі складана праверыць. На мой погляд, гэта такі ідэалягічны крок, трук, каб паказаць, што «санкцыі неэфэктыўныя, яны нас не задушаць».

А ўчора ці пазаўчора ўжо сам Макей казаў пра тое, што санкцыі спрыяюць разьвіцьцю беларускай эканомікі. Але гэта, па сутнасьці, можна праверыць па тым, як санкцыі бʼюць па Расеі, што фактычна многія расейскія сэктары эканомікі цярпяць, нягледзячы на тое, што краіна вялізная, у чымсьці самадастатковая, цярпяць ад санкцый. Што ўжо казаць пра такую сьціснутую эканоміку, як у Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Уладзімер Макей заявіў, што афіцыйны Менск плянуе абаперціся на Расею і Кітай у «гібрыднай вайне»

Дык санкцыі «не адбіліся на беларускай эканоміцы» ці гэта «ўдушэньне»?

— Гэта ўсё ідэалягічныя парамэтры. З аднаго боку, трэба паказаць, што санкцыі скіраваныя не супраць рэжыму, а супраць народу. І калі мы паглядзім камэнтары праўладных аналітыкаў або публіцыстаў, там усюды гаворыцца пра тое, што санкцыі — гэта непрыкрыты фашызм. Гэта ў прынцыпе неабходна для таго, каб у нейкай ступені мабілізаваць частку насельніцтва вакол сыстэмы, паказаць, што ў пагаршэньні эканамічнай сытуацыі вінаватыя санкцыі. Але сэгмэнт супярэчнасьцяў тут зусім не замінае сыстэме ў выкарыстаньні прапагандысцкіх трукаў.

Але, з другога боку, вядома ж, трэба паказаць, што мы не прагнілі, нас не зламаць і санкцыі толькі спрыяюць разьвіцьцю беларускай эканомікі. Практычна той жа інструмэнтар — прапагандысцкі, ідэалягічны — да гэтага часу выкарыстоўвае і расейская прапаганда.