У Берасьці арыштавалі шасьцёх абвінавачаных у справе аб беспарадках, каб не ўцяклі за мяжу

Ахвочыя трапіць на суд у Берасьці, архіўнае фота

19 ліпеня стала вядома, што суд над трэцяй часткай абвінавачаных у «масавых беспарадках» у горадзе летась 10 жніўня пачнецца нанава. Такое рашэньне прынялі ў сувязі з заменай народнага засядацеля.

Раней судовыя паседжаньні неаднаразова пераносіліся ў сувязі з хваробай абвінавачаных. У выніку іх справы вырашылі вынесьці ў асобнае вядзеньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 4,5 года ўзмоцненага рэжыму. У Берасьці вынесьлі прысуд яшчэ 8 фігурантам справы аб «масавых беспарадках»

На лаве падсудных сярод трэцяй часткі абвінавачаных у «беспарадках» 12 чалавек. Зь іх палова (Раман Гвазьдзелка, Дзяніс Жук, Юры Кузьміч, Антон Сотнікаў, Аляксандар Цялешман, Дзьмітры Тур) цягам некалькіх месяцаў знаходзяцца ў СІЗА № 7.

Астатніх шэсьць асобаў (Мікіта Ганчароў, Вадзім Жылінскі, Арцём Клімчук, Дзьмітры Князеў, Дзьмітры Панько, Глеб Раманаў, непаўналетні Максім Шатохін) не зьмяшчалі ў ізалятар, яны заставаліся на волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У справе аб «масавых беспарадках» у Берасьці судзяць яшчэ 12 чалавек, зь іх трое непаўналетніх

Аднак 19 ліпеня пракурор заявіў хадайніцтва аб узяцьці іх пад варту. Праваабаронцы «Вясны», спасылаючыся на інфармацыю ад прысутных на паседжаньні, паведамляюць: дзяржабвінавачаньне матывавала гэта тым, што, паводле зьвестак ГУБАЗіК, фігуранты справы «ўступілі ў змову» з мэтай пакінуць тэрыторыю Беларусі.

Судзьдзя Сьвятаслаў Каліна хадайніцтва задаволіў, астатніх фігурантаў затрымалі.