Пад Пецярбургам знайшлі падземную турму з крэматорыем

У Ленінградзкай вобласьці знайшлі катэдж з падземным бункерам, у якім знаходзяцца памяшканьні, падобныя на турэмныя камэры.

Паводле зьвестак выданьня 47news, дом разьмешчаны ў закінутым пасёлку ва Ўсеваложаскім раёне.

Камэры абсталяваныя двух’яруснымі ложкамі, унітазамі і рукамыйнікамі. Краты замыкаюцца на замкі, аналягічныя тым, якія знаходзяцца ў СІЗА «Крыжы» ў Санкт-Пецярбургу. У падземным бункеры калісьці працавала сыстэма відэаназіраньня, знаходзіўся пункт аховы. Уваход у яго перакрывала бэтонная пліта, якую апускалі з дапамогай гідраўлічнай устаноўкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шпагат і абдымкі, казлы і смоўжыкі. Што малююць у турмах беларускія вязьні

Тэрыторыя катэджа абгароджаная трохмэтровым плотам. Выданьне адзначае, што зьверху мэталічныя лісты агароджы ўсталяваныя пад вуглом унутр, каб было «больш складана з-за яе выбрацца». На ўчастку таксама была лазьня з лазам, які вядзе да печы памерам з чалавека. Гэтае памяшканьне падобнае на крэматорый.

47news высьветлілі, што адным з уладальнікаў дома зьяўляўся былы начальнік апэратыўнай часткі сьледчага ізалятару № 4 Рэнат Алімзанаў. Ён памёр у 2018 годзе. Апроч яго, катэджам у розны час валодалі дачнае некамэрцыйнае партнэрства, кампаніі, якія займаліся фінансавымі паслугамі, будоўляй і нерухомасьцю, а таксама чалавек зь некалькімі судзімасьцямі. Хто менавіта пабудаваў камэры, невядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белсат»: палітвязьням прыходзяць лісты ад Васкрасенскага з заклікам пісаць прашэньні аб памілаваньні

Журналісты падкрэсьліваюць, што праваахоўныя органы ведаюць пра гэты «таямнічы дом». Супрацоўнікі Сьледчага камітэту паўтара года вывучалі катэдж: «перакапалі на ўчастку ўсё, што можна перакапаць, апыталі і вывучылі ўсіх, каго толькі можна вывучыць». Цяпер дом знаходзіцца ў разбураным стане.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Галоўная мэта лягеру — разбурыць асобы арыштаваных і ператварыць іх у паслухмяную масу». (Не) прыдуманае інтэрвію з Бруна Бэтэльгеймам