Эстонія ня будзе прызначаць амбасадара ў Беларусі

Эва-Марыя Ліймэтс, міністарка замежных спраў Эстоніі

Эстонія ня стане прызначаць амбасадара ў Беларусь, паколькі гэта стала б «маўклівым прызнаньнем прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі».

Пра гэта паведамляе эстонскі інфармацыйны партал ERR, спасылаючыся на міністарку замежных спраў Эстоніі Эву-Марыю Ліймэтс.

У артыкуле для газеты Eesti Päevaleht Ліймэтс напісала, што прызначэньне амбасадара Эстоніі ў Беларусі «было б недарэчным, бо ні Эстонія, ні ЭЗ не прызнаюць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні мінулага году, якія суправаджаліся масавымі фальсыфікацыямі».

У выніку дыплямат Яак Ленсмэнт, якога эстонская прэзыдэнтка Кэрсьці Кальюлайд ужо прызначыла ў пачатку ліпеня, так і не паедзе ў Менск, каб заняць гэтую пасаду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эстонія ўзмацніла ахову мяжы праз беларуска-літоўскія палітычныя супярэчнасьці