Расейскія спартоўцы атрымалі інструкцыю для зносін з заходнімі журналістамі на Алімпіядзе ў трох тэмах

Расейскія спартоўцы, якія выступяць на Алімпійскіх гульнях у Токіё, атрымалі інструкцыю для зносін з замежнымі журналістамі. Ім рэкамэндавана не камэнтаваць тэму Крыму, допінгу ў расейскім спорце і сэксуальных дамаганьняў у ім.

Пераказ інструкцыі публікуе газэта «Ведомости».

Інструкцыю разаслаў Алімпійскі камітэт Расеі. Спартоўцам могуць задаць пытаньні на палітычныя тэмы, сказана ў дакумэнце. Ім прапанавана абмежавацца самым простым адказам — «Без камэнтароў», але дадзены і варыянты больш падрабязных адказаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спартоўцы з Расеі ня змогуць выступаць пад сьцягам сваёй краіны прынамсі  два гады

Крым, Данбас і «іншыя падобныя пытаньні» ня трэба абмяркоўваць, бо «спорт мусіць заставацца па-за палітыкай». Яшчэ адна тэма, якая, на думку аўтараў інструкцыі, будзе цікавіць СМІ, — гэта сэксуальныя дамаганьні. Спартоўцы павінны адказваць, што ніколі зь імі не сутыкаліся.

На пытаньні пра допінгавыя скандалы расейскі алімпіец мусіць адказаць, што на гэтую тэму яму сказаць няма чаго, бо ў іх ён ніколі ня ўдзельнічаў, а тэму павінны камэнтаваць тыя, хто ўводзіў санкцыі супраць расейскага спорту. Але рэкамэндавана ўдакладняць, што, нават выступаючы пад сьцягам Алімпійскага камітэту Расеі, спартовец прадстаўляе сваю Радзіму і гэта вялікі гонар, «хоць і хацелася б чуць дзяржаўны гімн Расеі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветнае антыдопінгавае агенцтва выявіла маніпуляцыі са 145 допінг-пробамі маскоўскай лябараторыі

Акрамя таго, спартоўцам рэкамэндавана «не паддавацца на правакацыі ў сацыяльных сетках». Выданьне адзначае, што на папярэдніх Алімпіядах у постсавецкі пэрыяд спартоўцы палітінфармацыі не атрымлівалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Атлеты пратэсту. Хто зь іх паедзе на Алімпіяду ў Токіё