Падазраваны ў забойстве прэзыдэнта Гаіці быў інфарматарам Упраўленьня барацьбы з наркотыкамі ЗША

Машына, у якой быў сьмяротна паранены прэзыдэнт Гаіці Жавэнэль Маіз

Адзін з падазраваных у датычнасьці да забойства прэзыдэнта Гаіці Жавэнэля Маіза быў інфарматарам амэрыканскага Упраўленьня барацьбы з наркотыкамі (УБН).

Пра гэта паведаміў «Голасу Амэрыкі» супрацоўнік упраўленьня ў электронным лісьце. «Час ад часу адзін з падазраваных у забойстве прэзыдэнта Гаіці Жавэнэля Маіза быў канфідэнцыйнай крыніцай УБН», — пацьвердзіў супрацоўнік.

«Пасьля забойства прэзыдэнта Маіза падазраваны зьвязаўся са сваімі кантактамі ў УБН. Супрацоўнік УБН, прызначаны на Гаіці, заклікаў падазраванага здацца мясцовым уладам і разам з супрацоўнікам Дзярждэпартамэнту падаў інфармацыю ўраду Гаіці, якая спрыяла здачы і арышту падазраванага і яшчэ аднаго чалавека», — растлумачыў чыноўнік. Ён не назваў імя падазраванага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гаіці затрымалі меркаванага замоўніка забойства прэзыдэнта краіны

«УБН ведае аб паведамленьнях, што забойцы прэзыдэнта Маіза крычалі «УБН!» падчас замаху, — заявіў супрацоўнік УБН. — Гэтыя людзі ня дзейнічалі ад імя УБН».

Маіз быў застрэлены ў сваім доме ў прыгарадзе Порт-о-Прэнсу ў ноч на 7 ліпеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гаіці прызначылі часовага прэзыдэнта і папрасілі ЗША і ААН аб вайсковай дапамозе. ЗША адмовілі