Вярхоўны суд пакараў Віктара Бабарыку 14 гадамі пазбаўленьня волі. Ён ня мае права абскарджваць

Віктар Бабарыка ў судзе 6 ліпеня 2021 года.

6 ліпеня Вярхоўны суд агучыў вырак палітвязьню, экс-старшыні «Белгазпрамбанку» Віктару Бабарыку.

Судзьдзя Вярхоўнага суду Ігар Любавіцкі прызначыў для Віктара Бабарыкі пакараньне — 14 год зьняволеньня. Суд прызнаў яго вінаватым у атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК).

«Па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складаньня пакараньняў канчаткова Бабарыку прызначыць 14 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем у папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры пяць тысяч базавых велічыняў, пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў на тэрмін пяць гадоў»,— абвясьціў прысуд судзьдзя Любавіцкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Выключна палітычна матываваны перасьлед». Праваабаронцы і Ціханоўская пра прысуд Бабарыку

Абаронца Бабарыкі адвакат Дзьмітры Лаеўскі пасьля агучваньня выраку заявіў:

«Мы будзем дамагацца адмены абвінаваўчага прысуду ўсімі магчымымі даступнымі сродкамі прававой абароны. Апэляцыйнага абскарджваньня наш падабаронны пазбаўлены ў гэтым выпадку. Таму прысуд у найбліжэйшы час будзе абскарджаны ў парадку нагляду. Таксама мы будзем ставіць пытаньне аб парушэньні правоў Віктара Бабарыкі перад камітэтам правоў чалавека ААН».

Віктар Бабарыка мае выплаціць штраф у памеры 5 тысяч базавых велічынь — 145 тысяч рублёў. Паколькі вырак вынес суд найвышэйшай інстанцыі, Бабарыка ня мае права абскардзіць прысуд.

Дзясяткі людзей прыехалі перад абвяшчэньнем выраку да будынку суду Маскоўскага раёну Менску, месца ў залі ўсім не хапіла, людзі стаялі ў чарзе, міліцыянт прасіў іх разысьціся.

Пасьля абвяшчэння прысуду Віктару Бабарыку як мінімум дваіх чалавек затрымалі.

Да будынку суду прыехалі такасама амбасадары і дыпляматы Аўстрыі і Францыі, Вялікай Брытаніі і прадстаўніцтва Эўразьвязу.

Чарга ў суд на вырак Віктару Бабарыку. Менск, 6 ліпеня.

Судовы разбор доўжыўся больш за чатыры з паловай месяцы. Экс-банкір знаходзіўся пад вартай у СІЗА КДБ з 18 чэрвеня 2020 году. З апошнім словам Віктар Бабарыка выступіў 28 чэрвеня і сказаў, што не зьдзяйсьняў ніякіх супрацьпраўных дзеяньняў і яму ня сорамна перад дзецьмі, калегамі і паплечнікамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Рэальны канкурэнт». 5 цытат Віктара Бабарыкі з залі суду

21 чэрвеня ў памяшканьні суду Маскоўскага раёну Менску пачаліся спрэчкі бакоў у справе Віктара Бабарыкі і іншых былых топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».

На наступны дзень пракурор Сяргей Гіргель папрасіў пакараць былога банкіра 15 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму праз абвінавачаньне ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК).

Гэта максымальны тэрмін пры падобных абвінавачаньнях. Астатнім фігурантам запрасілі ад 3 да 6,5 года пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што трэба ведаць пра справу Віктара Бабарыкі і «Белгазпрамбанку»

У сваю чаргу Віктар Бабарыка, выступаючы ў судзе з апошнім словам, заявіў, што ня можа прызнацца ў злачынстве, якога не зьдзяйсьняў. Ён сказаў, што пражыўшы кавалак жыцьця і знаходзячыся ў клетцы, ён ня мае сораму за сваё жыцьцё перад сям’ёй і калегамі. Свой перасьлед ён лічыць палітычна матываваным, як помсту за агучанае жаданьне ўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнта Беларусі.

Каго яшчэ асудзілі разам з Бабарыкам

Разам зь Віктарам Бабарыкам судзілі топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку», на лаве падсудных апынуліся і былі пакараныя:

  • Сяргей Шабан — 6 гадоў пазбаўлення волі;
  • Дзьмітры Кузьміч — 6,5 гадоў пазбаўлення волі;
  • Аляксандар Ільясюк, Сяргей Дабралёт, Кірыл Бадзей — 5,5 гадоў пазбаўлення волі;
  • Віктар Кабяк — 3 гадоў пазбаўлення волі;
  • Аляксей Задойка — 5 гадоў «хатняй хіміі».

Іх прызналі вінаватымі ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры. Віктар Кабяк, заснавальнік кампаніі «Актыўлізінг», абвінавачваўся ў даваньні хабару паўторна або ў буйным памеры. З Бадзеем, Дабралётам, Кузьмічом, Ільясюком, Шабаном, Кабяком былі заключаны дасудовыя пагадненьні аб супрацоўніцтве.

Людзі ля суду Маскоўскага раёна Менска, дзе агучылі вырак Віктару Бабарыку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Не магу прызнаць злачынства, якога не рабіў». Бабарыка выступіў у судзе з апошнім словам. Вырак 6 ліпеня

Віктара Бабарыку і ягонага сына Эдуарда затрымалі ў Менску летась 18 чэрвеня. Ад таго часу яны за кратамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міжнароднае францускае радыё назвала Віктара Бабарыку «эўрапейцам тыдня» і самым папулярным палітыкам Беларусі