«Шклоў для нас стаў складаным горадам». Зь Беларусі зьехала сям'я старэйшай дачкі Рыгора Кастусёва

Рыгор Кастусёў, 2017

Зь Беларусі зьехала старэйшая дачка палітыка — Галіна Антончык зь дзецьмі. Тым часам ейны муж Дзьмітры за мяжой ужо больш за два месяцы. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку 3 ліпеня ён напісаў: «Сям’я нарэшце аб’ядналася».

У інтэрвію «Свабодзе» Дзьмітры адзначыў, што жыць у Шклове пасьля арышту старшыні БНФ Рыгора Кастусёва і абвінавачваньняў яго ў змове дзеля дзяржаўнага перавароту ды замаху на жыцьцё Лукашэнкі стала праблематычна. Горад для ягонай сям’і «стаў вельмі складаным», бо зьмянілася стаўленьне мясцовых жыхароў. Тыя, хто раней прыязна ставіўся да сям’і, перасталі вітацца. Жонцы ў вочы выказваліся зьняважлівыя словы. Прабілі колы машыны.

«Мы баяліся, што ціск маглі пачаць на сям’ю празь дзяцей, — кажа ён. — У жонкі пабывалі ўжо супрацоўнікі міліцыі. Шукалі мяне і чамусьці іх зацікавіла, што наша сям’я шматдзетная. Мы не выключалі, што да яе зьявіцца павышаная ўвага з боку органаў апекі, зь якімі ніколі раней не было праблемаў. Сям’ю маглі зрабіць сацыяльна небясьпечнай для знаходжаньня ў ёй дзяцей».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«У поўнай інфармацыйнай ізаляцыі». Што піша родным Рыгор Кастусёў, якога вінавацяць у спробе дзяржаўнага перавароту

Сам Дзьмітры зьехаў зь Беларусі неўзабаве пасьля ператрусу на сямейным лецішчы 13 красавіка — на наступны дзень пасьля арышту Рыгора Кастусёва. Апэратыўнікі забралі тады кампутар. Зяць зьняволенага палітыка кажа, што ў кампутары не было крамолы, але «з гледзішча таго, што цяпер і за бяскрыўдныя рэчы садзяць людзей, то непрыемнасьцяў трэба было перасьцерагацца». Акрамя таго, дадае ён, пасьля леташніх пратэстаў у Шклове яго папярэджвалі аб крымінальнай адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях.

Паводле Дзьмітрыя, апошнім часам ад Рыгора Кастусёва лісты не прыходзілі. Раней ён пісаў, што расьсьледаваньне справы працягнутае да 12 кастрычніка 2021 году. Меру стрыманьня яму адмовіліся зьмяняць. Палітык наракаў, што ў камэры больш няма тэлевізара. Яго забраў сукамэрнік, якога перавялі ў іншае месца.

Паводле яшчэ адной дачкі Кастусёва, Кацярыны, перадаць яму тэлевізар не дазволілі. Яна кажа, што бацька ў лісьце напісаў пра абвастрэньне хранічных хваробаў.

  • Старэйшай дачцэ Рыгора Касутсёва Галіне Антончык 40 гадоў. Паводле адукацыі яна настаўніца. Апошнія гады займалася гадаваньнем чатырох дзяцей.
  • 37-гадовую Кацярыну Кастусёву, сярэднюю дачку, якая выкладала ў музычнай школе, звольнілі з працы яшчэ пасля выбараў 2010 году. Сёлета ў лютым у яе быў ператрус, саму яе ненадоўга затрымілівалі, але адпусьцілі.
  • 33-гадовы сын Кастусёва Андрэй у Польшчы ўжо пятнаццаць гадоў, зьехаў неўзабаве па сканчэньні школы. Вучыўся ў Гданьскім унівэрсытэце на эканамічным факультэце. У студзені 2011 году за ўдзел у акцыі салідарнасьці адседзеў у жодзінскім ізалятары 15 дзён пад адміністрацыйным арыштам. Пасьля быў дапытаны ў КДБ у справе пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году. Апэратыўнікаў цікавілі падрабязнасьці ягонай вучобы за мяжою. Андрэю Кастусёву ня раз дасылалі позву ў ваенкамат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ларыса Кастусёва: Галіне Радзівонаўне не пашанцавала са «шчадралюбным» мужам