Мэта рэжыму — расчалавечваньне чалавека

Пікет студэнтаў юрфаку БДУ, верасень 2020

Калі дзяўчына на выпускным вечары ў БДУ падзякавала сваім выкладчыкам, сярод якіх былі і тыя, якія цяпер за кратамі — я адразу падумаў: «пасадзяць».

Ня трэба шмат розуму для такога прагнозу, ёй сапраўды далі 15 сутак за «пікетаваньне шляхам выказваньня грамадзка-палітычных поглядаў на выпускным вечары».

Мне здаецца, гэты выпадак, як ніякі іншы, красамоўна характарызуе, з чым на самой справе змагаецца рэжым. Рэжым змагаецца з чалавечай маральлю, прыстойнасьцю, сумленьнем.

Рэжым кажа: мы не дазволім праяўляць добрыя пачуцьці, удзячнасьць, павагу да сваіх настаўнікаў. Рэжым не змагаецца з апазыцыяй, яны змагаюцца супраць любых праяваў добрых і прыстойных пачуцьцяў у прынцыпе, яны змагаюцца за расчалавечваньне чалавека.

Калі ў вашым асяродзьдзі ёсьць «ябацька», то раскажыце яму пра гэты выпадак. Дзяўчыну пасадзілі, бо яна выказала падзяку сваім настаўнікам за тое, што добра яе вучылі. Гэта ня ўдзельнік акцыі пратэсту, нават не журналіст, які робіць сваю працу, не аналітык, які выказвае свае меркаваньні.

Хай той ваш знаёмы сьмела кажа: «я падтрымліваю, трэба саджаць людзей за тое, што яны шануюць сваіх настаўнікаў».

Тады вы зразумееце, што вас зь ім падзяляюць не палітычныя разыходжаньні, вас падзяляе стаўленьне да агульначалавечых каштоўнасьцяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выпускніцу юрфаку БДУ асудзілі на 15 сутак за «пікетаваньне шляхам выказваньня грамадзка-палітычных поглядаў на выпускным вечары»

Хай палітоляг Яўген Прэйгерман, дапусьцім, скажа, што дзяўчына праявіла нясьпеласьць і сваім добрым словам пра выкладчыкаў падарвала беларускі сувэрэнітэт. Хай палітоляг Дзяніс Мельянцоў, дапусьцім, скажа, што дзяўчына сваёй прамовай на выпускным падштурхнула Беларусь у бок Расеі. Хай палітоляг Эмануіл Іофэ, дапусьцім, скажа, што тут ня ўсё так адназначна, і вінаваты абодва бакі, і што пасадка гэтай дзяўчыны — гэты вымушаны адказ рэжыму на эўрапейскія санкцыі.

Але як на маю думку, дык няма больш выразнага і адназначнага выпадку дэманстрацыі чыстага зла. Калі садзяць у турму дзяўчыну, якая сказала добрае слова пра сваіх настаўнікаў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.