Да 5,5 года турмы. Пракуроры запрасілі тэрміны для 2-й групы фігурантаў «пінскай справы»

Дом правасудзьдзя. Берасьце.

2 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёна Берасьця пракуроры запатрабавалі прысудзіць пінчукам ад 4 да 5,5 гадоў калёніі.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што дзяржабвінаваўцы папрасілі судзьдзю прызнаць фігурантаў вінаватымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу) у ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года і прызначыць усім пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі з адбываньнем ва ўмовах узмоцненага рэжыму на наступныя тэрміны:

  • Аляксандру Лапуху — 5 гадоў і 6 месяцаў;
  • Сяргею Цібцу, Валянціну Колбу (мае інваліднасьць праз хваробу сэрца, раней Валянцін перанёс інфаркт, пасьля затрыманьня ў яго здарыўся сардэчны прыступ. — РС), Андрэю Хвескаўцу (пракурор запрасіў таксама пазбавіць яго спэцыяльнага званьня — «малодшы сяржант унутранай службы») — 5 гадоў кожнаму;
  • Леаніду Германовічу, Андрэю Мацуку, Аляксандру Шандыбе — 4 гады і 6 месяцаў;
  • Сяргею Волкаву, Аляксандру і Сяргею Шаламіцкім — 4 гады;


Ніхто з абвінавачаных не прызнаў пазоўныя патрабаваньні пацярпелых і грамадзянскіх пазоваў, акрамя Аляксандра Лапуха, які ўжо кампэнсаваў пашкоджаньне лаўкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што цяпер зь фігурантам «пінскай справы», у якога пры затрыманьні здарыўся сардэчны прыступ

У чым вінавацяць фігурантаў:

  • ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі,
  • закліках дэмантаваць тратуарную плітку,
  • закліках «біць сілавікоў»,
  • пашкоджаньні маёмасьці,
  • кіданьні камянёў, фрагмэнтаў тратуарнай пліткі, палак, бутэлек,
  • ударах па сілавіках рукамі і нагамі.
  • Паводле вэрсіі абвінавачаньня, падсудныя далучыліся да дзеяньняў іншых асобаў і адзін да аднаго «ў мэтах дасягненьня адзінага выніку, што праявілася ў непасрэдным гвалце над асобай, а таксама ў пагромах, пашкоджаньнях і зьнішчэньні маёмасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Які ён арганізатар?» У Пінску затрымліваюць новых фігурантаў «пінскай справы»

Суды над новымі новымі фігурантамі «пінскай справы» (адзін з абвінавачаных у суд не зьявіўся. — РС) праходзяць з 31 траўня ў Берасьці.

30 красавіка першай групе фігурантаў ужо прысудзілі ад 5,5 да 6,5 года пазбаўленьня волі. 14 палітвязьняў таксама мусяць выплаціць каля 201 тысячы рублёў кампэнсацыі пацярпелым сілавікам і чыноўнікам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адседжу ўвесь тэрмін, але на калені перад уладай ня стану». Што вядома пра фігурантаў «пінскай справы» пасьля прысуду


Што расказвалі пінчукі пра падзеі 9–10 жніўня

Паводле жыхароў Пінску, зь якімі раней пагаварыла Свабода, 9 жніўня пасьля 20:00 людзі прыйшлі да выбарчых участкаў, каб паглядзець на выніковыя пратаколы. Аднак сябры выбарчых камісій паведамілі, што ўжо перадалі вынікі ў Пінскі гарадзкі выканаўчы камітэт.

Каля 21:00 некалькі тысяч чалавек наблізіліся да будынку гарвыканкаму, падыход да якога заблякавалі супрацоўнікі ГАУС і РАУС. Да людзей выйшлі начальнік ГАУС Дзьмітры Каравякоўскі. Ён прапанаваў вылучыць 5 дэлегатаў для перамоваў з кіраўніцтвам гораду.

Цягам дзьвюх з паловай гадзінаў пратэстоўцы чакалі вяртаньня сваіх дэлегатаў. У выніку да гарвыканкаму прыехала падмацаваньне сілавых структур. Яны ўзялі некалькі дзясяткаў людзей у кола, зь якога пратэстоўцы вырашылі прарывацца.
Пазьней людзі пачалі адціскаць сілавікоў, выкарыстоўваючы для абароны падручныя матэрыялы (выламаныя з лавак дошкі, сьметніцы). Прагнаўшы АМАП, пінчукі празь некаторы час разышліся па дамах. На наступны дзень, 10 жніўня, людзі зноў выйшлі на пратэст, аднак ён скончыўся масавымі жорсткімі затрыманьнямі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адкрыць агонь!» і пагроза вялікіх тэрмінаў. Асноўныя пытаньні да рэзананснай «пінскай справы»