«З вакна палаты бачыў свой дом на „плошчы Перамен“». Сьцяпан Латыпаў вярнуўся на «Валадарку»

Сьцяпан Латыпаў на лаве падсудных

Палітвязень Сьцяпан Латыпаў прайшоў судова-мэдычную экспэртызу ў РНПЦ псыхічнага здароўя і пераведзены ў СІЗА № 1. Калі адновіцца суд, пакуль невядома.

Падрыхтоўка вынікаў экспэртызы можа заняць да трох тыдняў. Пра гэта паведаміла цёця Сьцяпана Галіна Латыпава.

Экспэртыза доўжылася роўна тыдзень

На судова-мэдычную экспэртызу зьняволеных этапуюць па серадах. Сьцяпан трапіў у РНПЦ псыхічнага здароўя 18 чэрвеня. Экспэртыза гэтым разам доўжылася роўна тыдзень. І ў наступную сераду, 25-га, Сьцяпана вярнулі на «Валадарку».

«Паколькі ў лістападзе 2020 году Сьцяпан ужо праходзіў разгорнутую экспэртызу ў РНПЦ, якая доўжылася тры тыдні, гэтым разам хапіла аднаго тыдня. Апошняя экспэртыза тычылася толькі ўчынку, які Сьцяпан зьдзейсьніў на першым судовым паседжаньні 1 чэрвеня. Да таго ж такія хуткія тэрміны правядзеньня экспэртызы адмыслоўцы патлумачылі сваёй вялікай загружанасьцю. Сьцяпана ўжо вярнулі ў СІЗА.

Калі будзе наступнае паседжаньне суду, пакуль невядома, бо камісія рыхтуе справаздачу па выніках экспэртызы, і на гэта патрабуецца прыкладна 3 тыдні», — сказала Галіна Латыпава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьцяпана Латыпава накіравалі на судова-псыхіятрычную экспэртызу. Працэс адновіцца пасьля яе вынікаў

З вакна палаты Сьцяпан бачыў свой дом на «плошчы Перамен»

У РНПЦ псыхічнага здароўя Сьцяпан папрасіўся ў асобную палату, ён быў там адзін, працягвае цёця.

«Хачу адпачыць ад людзей», — патлумачыў сваю просьбу Сьцяпан. Умовы ўтрыманьня ў Навінках былі добрыя. Перадачы для Сьцяпана прымалі без абмежаваньняў, можна было перадаць нават сьвежыя ягады, мы перадавалі клубніцы, а таксама кнігі. Сьцяпан напісаў, што з вакна палаты РНПЦ у Навінках ён здалёк нават бачыў свой дом«.

Пасьля правядзеньня судова-мэдычнай экспэртызы Латыпава зноў зьмясьцілі на «Валадарку» ў 20-ю камэру, дзе ён апынуўся пасьля лячэньня ў мэдсанчастцы СІЗА і адкуль яго накіроўвалі на экспэртызу.

«Цяпер у ягонай камэры даволі адэкватныя людзі, паведаміла нам адвакатка. Ці даходзяць усе лісты, я ня ведаю. Калі пачалася сьпякота, у камэру перадалі вэнтылятар. Яму даслалі і кнігі, якія ён замовіў. 30 чэрвеня адвакатка наведае Сьцяпана зноў», — кажа Галіна Латыпава.

Суд Савецкага раёну 10 чэрвеня пастанавіў накіраваць Сьцяпана Латыпава на судова-мэдычную экспэртызу. Зрабіць так прапанаваў дзяржабвінаваўца Ўладзімер Рабаў.

Прычына — тое, што падчас першага судовага паседжаньня 1 чэрвеня Сьцяпан Латыпаў зьдзейсьніў спробу суіцыду ў клетцы.

Пасьля выступу сьведкі-АМАПаўца Сьцяпан паказаў гематому пад вокам, да таго ж у яго былі забінтаваныя рукі. Потым ён зьвярнуўся да бацькі: «Тата! Пасьля спатканьня з табой да мяне прыйшоў ГУБАЗіК. Паабяцаў, што калі я не прызнаю віны, у мяне будзе „прэс-хата“, крымінальныя справы супраць родных і суседзяў. „Прэс-хата“ ў мяне была — 51 дзень. Так што ты рыхтуйся». І ўваткнуў у горла асадку. Параненага палітвязьня зьмясьцілі спачатку ў 9-ы шпіталь, а потым у мэдсанчастку СІЗА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволены Латыпаў спрабаваў парэзаць горла ў залі суду. Яго праапэравалі ў шпіталі. Кажуць, што пагрозы жыцьцю ўжо няма

Сьцяпану Латыпаву 41 год. Родам ён зь Берасьцейскай вобласьці, вучыўся ў беларускай школе. Па прафэсіі Сьцяпан арбарыст, а таксама прамысловы альпініст 5 разраду.

Прайшоў прафэсійную падрыхтоўку і сэртыфікацыю ў Вялікай Брытаніі, мае сэртыфікат IRATA (для тых, хто выконвае работы на вышыні). Сьцяпан Латыпаў мае сваё ІП, ён дырэктар «Беларба». Прыводзіў у парадак, «лячыў» дрэвы ў рэзыдэнцыі прэзыдэнта, у VIP-кліентаў, супрацоўнічаў з «Дыпсэрвісам».

Латыпаў паходзіць зь сям’і вядомых навукоўцаў-біёлягаў. Яго дзед Анвар Латыпаў — доктар біялягічных навук, генэтык-сэлекцыянэр, больш за 30 гадоў узначальваў катэдру генэтыкі Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Бабуля Разалія — кандыдат навук, працавала дацэнтам БСГА. Бацька Сяргей і цёця Галіна — таксама кандыдаты біялягічных навук.

15 верасьня Сьцяпана Латыпава затрымалі на «плошчы Перамен». Ён прызнаны палітвязьнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пагрозы брутальнага і беспакаранага гвалту». Сьцяпан Латыпаў пісаў дзіўны ліст перад судом
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што такое «прэс-хата», пра якую перад спробай самагубства казаў Сьцяпан Латыпаў