У апошні дзень сэсіі Палата прадстаўнікоў разгледзіць у першым чытаньні законапраект аб зьменах у Канстытуцыю

Пётра Міклашэвіч, старшыня Канстытуцыйнай камісіі. Архіўнае фота.

У прэамбулу Канстытуцыі Беларусі плянуюць дадаць словы пра «нацыянальную самабытнасьць» і «справядлівае грамадзтва».

Старшыня створанай Лукашэнкам Канстытуцыйнай камісіі заявіў, што камісія рыхтуе папраўкі да артыкулаў аб нэўтралітэце і ядзернай бясьпецы.

У Канстытуцыі Беларусі ўдакладняць палажэньні, зьвязаныя з імкненьнем да нэўтралітэту, паведаміў старшыня канстытуцыйнай камісіі, старшыня Канстытуцыйнага суду Пятро Міклашэвіч, піша агенцтва «Інтэрфакс-Захад».

«У адпаведным артыкуле Канстытуцыі варта паказаць, што Рэспубліка Беларусь імкнецца да нэўтралітэту, але пры гэтым найважнейшым напрамкам зьяўляецца калектыўная абарона ў мэтах абароны сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці і незалежнасьці нашай дзяржавы, і на канстытуцыйным узроўні замацаваць, што з тэрыторыі Беларусі ня будзе зыходзіць ваенная пагроза і ня будзе ажыцьцяўляцца ваенная агрэсія ў дачыненьні іншай дзяржавы», — сказаў Міклашэвіч.

Паводле яго, у Канстытуцыі ўдакладняць таксама палажэньне аб бязьядзернай тэрыторыі — з улікам будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі. На думку Міклашэвіча, варта пазначыць, што Беларусь выкарыстоўвае ядзерную энэргетыку ў мірных мэтах і гарантуе бясьпеку вытворчасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску Канстытуцыйная камісія разглядае судовую сыстэму. Што прапануюць?

Акрамя таго, кіраўнік КС расказаў, што прэамбулу Канстытуцыі могуць дапоўніць палажэньнямі аб захаваньні нацыянальнай самабытнасьці і сувэрэнітэту.

Міклашэвіч дадаў, што ў Беларусі «сёньня фармуецца справядлівае грамадзтва на пачатках салідарнасьці і агульнага дабрабыту», што неабходна таксама дадаць у прэамбулу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ТБМ патрабуе спыніць перасьлед зьняволеных за ўжываньне беларускай мовы ў турмах

Таксама стала вядома, што ў пятніцу Палата прадстаўнікоў разгледзіць у першым чытаньні законапраект аб зьменах у Канстытуцыю. 25 чэрвеня, у дзень закрыцьця сэсіі, плянуецца таксама абмеркаваць зьмяненьні законаў у пытаньнях прафіляктыкі правапарушэнняў, піша БелТА.

У другім чытаньні будуць разгледжаны праекты законаў «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях абароны сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу» і аб зьмяненьні закону «Аб мытным рэгуляваньні».

У лютым падчас «усебеларускага народнага сходу» міністар замежных спраў Уладзімер Макей заявіў, што імкненьне Беларусі да нэўтралітэту, магчыма, не адпавядае бягучай сытуацыі, і прапанаваў улічыць гэта пры працы над папраўкамі ў Канстытуцыю. Аляксандр Лукашэнка тады ж заявіў, што праект новай Канстытуцыі будзе гатовы на працягу году.

Да 1 жніўня Канстытуцыйная камісія ў складзе 36 чалавек мусіць прадставіць выпрацаваныя прапановы для наступнага іх вынясеньня на рэспубліканскі рэфэрэндум.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падпісаў «антыэкстрэмісцкія» зьмены ў Крымінальны кодэкс
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская і іншыя дэмакратычныя лідэры заклікалі чыноўнікаў пакінуць Лукашэнку