«Не магу прызнаць злачынства, якога не рабіў». Бабарыка выступіў у судзе з апошнім словам. Вырак 6 ліпеня

Віктар Бабарыка

28 чэрвеня на судовым пасяджэньні былы прэтэндэнт у прэзыдэнты і банкір Віктар Бабарыка выступіў з апошнім словам перад абвяшчэньнем выраку, які чакаецца 6 ліпеня. Дзяржабвінаваўца запрасіў для Бабарыкі 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Палітвязень Віктар Бабарыка, выступаючы ў судзе з апошнім словам, заявіў, што ня можа прызнацца ў злачынстве, якога не зьдзяйсьняў.

Бабарыка сказаў, што ён падтрымлівае тое, што гаварылі адвакаты, і спыніцца ў сваёй прамове «на чалавечай сытуацыі». Ён сказаў, што, пражыўшы кавалак жыцьця і знаходзячыся ў гэтай клетцы, яму ня сорамна за сваё жыцьцё перад сваёй сям’ёй.

«Мне ня сорамна, бо перад рашэньнем, прынятым у траўні, яны ведалі, што я не падманваю».

Паводле Бабарыкі, прызнаючыся ў злачынствах, якіх ён не рабіў, магчыма, ён меў бы нейкія матэрыяльныя выгады:

«Я не магу прызнаць злачынства, якога я не рабіў», — заявіў ён. Яму ня сорамна перад блізкімі, бо не было дапушчана процізаконных дзеяньняў і нават намёку на ўчыненьне процізаконных дзеяньняў. Яму ня сорамна перад работнікамі банку, бо быў зроблены найлепшы банк у краіне; перад тымі, хто разам сядзіць у клетцы і лічыць яго злачынцам.

Гледачы ў судзе над Віктарам Бабарыкам 28 чэрвеня 2021

Паводле Бабарыкі, за 25 гадоў працы яны не пачулі, што мусяць рабіць нейкія дзеяньні.

«Што б яны ні казалі, я ў гэта дагэтуль ня веру. Я ім нічога не казаў і іх не падманваў».

Яму не сорамна і перад кліентамі: «Не сорамна перад тымі, хто паверыў мне і стаў сябрам штабу», — сказаў Бабарыка.

Паводле яго, тое, што яны зрабілі, ацэньваецца ў мільёны даляраў, і яны за гэта нічога не атрымалі.

Ён сказаў, што сотні тысяч, хто паставіў подпісы, верылі, што можна пабудаваць краіну з агульначалавечымі каштоўнасьцямі. «Я сумленны перад імі», — сказаў ён.

Бабарыка сказаў, што яму складана даведацца пра ацэнку людзей, ці сорамна ім за яго, бо ён цягам году знаходзіцца ў СІЗА, у ізаляцыі, у яго няма доступу да інфармацыі, да яго даходзіла няшмат лістоў. Але ён разумее, што бальшыня сяброў штабу працягнулі пачатае.

Падтрымка Бабарыкі ў судзе 28 чэрвеня

Гэтыя людзі, паводле Бабарыкі, ахвяравалі матэрыяльнымі дабротамі, свабодай і жыцьцём.

«Я ўпэўнены, што быў сумленны і не зрабіў ніякіх дзеяньняў супраць законаў Беларусі», — сказаў ён.

Бабарыка таксама сказаў, што ня ведае меркаваньняў супрацоўнікаў банку, але тыя, хто выступаў, не казалі, што ім было сорамна працаваць. Ён сказаў, што ня ведае думак сяброў і блізкіх, але іх сваякі таксама не адчувалі непавагі да мяне:

«Я ведаю ацэнку, якую паставілі мне дзеці: за тату ня сорамна».

Паводле Бабарыкі, жыцьцё — маратон, і на гэтай дыстанцыі іншы раз даводзіцца рабіць выбар. Ён сказаў, што мы робім не для сябе, а для дзяцей. Ён пажадаў, каб «на гэтай дыстанцыі вы пачулі тую ж думку, што ім за вас ня сорамна».

Судзьдзя адзін раз перапыніў прамову, маўляў, Бабарыка гаворыць не па справе. У канцы прамовы прысутныя горача запляскалі ў далоні. Сеньня заля поўная, людзі перад пачаткам віталі Бабарыку, паказвалі яму рукамі сэрцайкі і знакі перамогі. Перад уваходам у залю быў наладжаны кантроль, людзей прапускалі праз мэталяшукальнік, правяралі зьмесціва сумак і абшуквалі, тэлефоны, дыктафоны і ноўтбукі патрабавалі пакінуць у адмысловых шуфлядках для захоўваньня. Пасьля выступу ВІктара Бабарыкі пачалі гаварыць свае «апошнія словы» іншыя абвінавачаныя.

Людзі ў двары суду дачакаліся адвакатаў Віктара Бабарыкі і сустрэлі іх аплядысмэнтамі.

21 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну Менску пачаліся спрэчкі бакоў у справе Віктара Бабарыкі і іншых былых топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».

Выступы пракурора прадоўжыліся і 22 чэрвеня. У той жа дзень пракурор Сяргей Гіргель папрасіў пакараць былога банкіра 15 гадамі зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму праз абвінавачаньне ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК) і легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пракурор папрасіў суд пакараць Віктара Бабарыку 15 гадамі зьняволеньня

Гэта максымальны тэрмін, які маглі запрасіць пры выстаўленых яму абвінавачаньнях. Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, «віна знайшла пацьверджэньне цалкам».

Акрамя таго, для Віктара Бабарыкі пракурор патрабуе і штраф у памеры 5 тысяч базавых велічынь — 145 тысяч рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Адвакаты расказалі ў судзе, як сьледчыя ціснулі на фігурантаў «справы Белгазпрамбанку»

Астатнім фігурантам запрасілі ад 3 да 6,5 года пазбаўленьня волі:

  • Сяргею Шабану, Дзьмітрыю Кузьмічу — 6,5 года турмы,
  • Аляксандру Ільясюку, Сяргею Дабралёту, Кірылу Бадзею — 5,5 года,
  • Аляксею Задойку — 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову,
  • Віктару Кабяку — 3 гады калёніі.

На паседжаньні 6 красавіка Віктар Бабарыка заявіў аб сфабрыкаванасьці справы і адмовіўся даваць паказаньні. Ён не прызнае віны ні ў адным эпізодзе.