Арышты і ператрусы 16 чэрвеня: затрымалі лекарку і банкіра, абшукалі дом прафсаюзнага лідэра

АМАП у Менску, сакавік 2021 году.

Свабода працягвае сачыць за перасьледам удзельнікаў пратэстаў і іншых грамадзян Беларусі, які не спыняюць сілавікі. Артыкул абнаўляецца.

Затрымалі стаматоляга нібыта за абразы

Тэлеграм-каналу «Белые халаты. News» стала вядома, што напярэдадні ў Менску міліцыя затрымала на 72 гадзіны Эліну Новік, стаматоляга-хірурга. Яе дапытвалі ў Цэнтральным РРУС Менска. У Эліны тры непаўналетнія сыны. Яна родам з Грэску Слуцкага раёну. Яна вядомы спэцыяліст у сваёй галіне, прыём пацыентаў вядзе па-беларуску.

Мяркуецца, яна праходзіць падазраванай у справе аб «абразе службовай асобы» ў сацыяльных сетках, але ніякіх падрабязнасьцяў цяпер няма.

Эліна Новік са Случчыны. Яна вядомы спэцыяліст у сваёй галіне, прыём пацыентаў вядзе па-беларуску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амапаўцы затрымалі трэнэра і актывіста Свабоднага аб'яднаньня спартоўцаў Якаўлева, які прыехаў сустрэць журналіста пасьля сутак

Ператрус у прафсаюзнага лідэра Быкава

У прыватным доме намесьніка старшыні Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) Генадзя Быкава правялі ператрус супрацоўнікі Менскага ГАУС. Трое ў цывільным зайшлі ў дом і прад’явілі пастанову на правядзеньне ператрусу, паведаміўшы, што Быкаў праходзіць у статусе сьведкі ў справе аб незаконных масавых мерапрыемствах.

Ператрус трываў 3 гадзіны, сілавікі канфіскавалі сьцягі Свабоднага прафсаюзу Беларускага, Свабоднага прафсаюзу мэталістаў, Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, а таксама дакумэнтацыю СПБ за 2002 год.

Генадзю паведамілі, што забіраюць яго з сабой, але калі намесьнік старшыні СПБ ужо сабраў сумку ў паездку, раптам паведамілі, што атрымалі распараджэньне не затрымліваць яго.

Генадзь Быкаў узначальваў СПБ у пэрыяд 1991-96 і зь 1999 па 2006 гг. Цяпер працуе намесьнікам старшыні па Менскай вобласьці. У кіраўніцтве СПБ ператрус у Быкава зьвязваюць зь нядаўнім выступам міністра працы Касьцевіч, якая на канфэрэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы заявіла, што незалежныя прафсаюзы дзейнічаюць супраць інтарэсаў дзяржавы і народа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сёньня мы, простыя людзі, робім гісторыю». Як пасьля выбараў перавярнулася жыцьцё сямʼі зь «Беларуськалію»

Затрыманьне супрацоўніка банку

У Менску затрымалі супрацоўніка банку, які нібыта перадаваў у адзін з тэлеграм-каналаў асабістыя дадзеныя дзяржаўных службоўцаў. Адзначаецца, што раней затрыманы працаваў у «праваахоўных структурах, піша агенцтва «Інтэрфакс-Захад».

Мужчыну 44 гады, ён працуе вядучым спэцыялістам у эканамічнай бясьпецы аднаго з камэрцыйных банкаў. Перад звальненьнем ён нібыта сабраў і перадаў зьвесткі пра супрацоўнікаў ДФР, Сьледчага камітэту, пракуратуры, іншых сілавых і грамадзянскіх структураў. У перададзенай інфармацыі ўтрымліваліся прозьвішчы, імёны супрацоўнікаў, іх адрасы пражываньня, назвы пасад, спэцыяльных званьняў, нумары службовых і асабістых мабільных тэлефонаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арышты і штрафы 14 чэрвеня: паўторна затрымалі асуджаную да «хатняй хіміі» актывістку

У Ваўкавыску затрымалі 69-гадовую жанчыну

Да Галіны Міхальчук сёньня прыехалі два супрацоўнікі міліцыі на аўтамабілі без нумароў і затрымалі яе. Жанчыну павезьлі ў Менск. Пры гэтым дома ў яе не праводзілі ператрус, спаслаўшыся на узрост жанчыны — яна 1952 году нараджэньня. Блізкім паведамілі, што яе «вязуць на гутарку па артыкуле 369 Крымінальнага кодэксу (абраза прадстаўніка ўлады)». Цяпер месцазнаходжаньне жанчыны невядомае, паведамляе «Вясна».