Вольга Севярынец зьвярнулася да Папы Рымскага Францішка, папрасіла маліцца за Беларусь

Вольга Севярынец

У Ватыкан, паводле прызнаньня жонкі палітвязьня Паўла Севярынца, яе змусілі напісаць трагічныя падзеі ў Беларусі.

У адкрытым лісьце, які апублікаваны ў фэйсбуку, Вольга Севярынец напісала гісторыю свайго малога сына Францішка і яго таты. Жонка палітвязьня адзначае, што Павал будуе сям’ю на хрысьціянскіх каштоўнасьцях і за ўвесь час дыктатуры ў Беларусі «па незаконных прысудах правёў па турмах, ізалятарах і „хіміях“ каля 7,5 год».

«І сёньня ў Беларусі сотні такіх людзей і гісторый. У турмах застаюцца таты, шматдзетныя мамы, хворыя людзі, дзеці, адзінае злачынства якіх — гэта жаданьне жыць у свабоднай Беларусі. Многія з гэтых людзей адчаіліся, яны прагнуць праўды і справядлівасьці. Кожны зь іх нясе свой крыж за Беларусь. Павал кажа, што сёньня ў Беларусі ўсё залежыць ад Царквы — узнясе яна голас за праўду ці будзе працягваць жыць у хлусьні і страху, закрываючы вочы на пакуты людзей».

У лісьце Вольга згадвае сваё першае спатканьне з Паўлам у турме, якое адбылося нядаўна. Яна баіцца, што яе муж можа не вярнуцца з турмы.

Вольга Севярынец папрасіла Папу аб малітве за Беларусь.

«Многія беларусы мараць жыць у краіне, якая будзе грунтавацца на хрысьціянскіх каштоўнасьцях і на праўдзе, і ўжо вельмі многае зрабілі, каб так аднойчы сталася. Памятайце пра нас у малітве. Жыве Беларусь! Жыве з Богам!», — так завяршыла свой ліст Вольга Севярынец.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павал Севярынец год за кратамі. Відэапартрэт палітвязьня

Павал Севярынец — апазыцыйны палітык, сузаснавальнік партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, пісьменьнік. Сёлета ў сьнежні яму споўніцца 45 гадоў. Быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі летась 7 чэрвеня. У дачыненьні да яго тады былі вынесеныя тры пастановы аб адміністрацыйных арыштах па 15 сутак кожная за ўдзел у перадвыбарчых пікетах і заклікі да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Таксама яму далучылі 30 дзён арышту за ўдзел у антыінтэграцыйных акцыях пратэсту ў сьнежні 2019-га і студзені 2020-га.

Пасьля 75 сутак Паўла Севярынца ня выпусьцілі на волю, а перавялі ў СІЗА № 1 у статусе падазраванага паводле арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў). Там прад’явілі абвінавачаньне.

25 траўня ў Магілёўскім абласным судзе Севярынцу абвясьцілі прысуд. Судзьдзя Ірына Ланчава асудзіла палітыка да 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ксёндз Вячаслаў Барок: «Калі ёсьць дух свабоды, тады няма страху і смутку»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік Папы Рымскага Францішка выступіў з заявай пра Беларусь