Электрашокер, баксэрскі шалом, паяльнік. Відавочца расказаў, чым карыстаюцца сілавікі, каб разгаварыць затрыманых

Ілюстрацыйнае фота

Праваабаронцы «Вясны» апублікавалі новыя сьведчаньні, якімі мэтадамі сілавікі дабіваюцца ад затрыманых пакаяцца на відэа або назваць пароль.

З праваабаронцамі падзяліўся сваёй гісторыяй Аляксандар. Яго схапілі ў Менску на пачатку траўня, калі ён расклейваў улёткі. Адразу пачалі біць. Білі, калі затрымлівалі. Білі, калі знайшлі налепкі і трафарэты. Білі, калі везьлі ў Фрунзэнскае РУУС, і ў самім пастарунку. Там на яго начапілі кайданкі, а ў двор аднойчы вывелі, цягнучы двума пальцамі за ноздры.

У РУУС Аляксандру сказалі пакаяцца на відэа. Калі ён адмовіўся, адзін зь сілавікоў дастаў баксэрскі шалом і пальчаткі, электрашокер і пярцовы балён.

«Ён надзеў мне на галаву баксэрскі шалом, сабе — баксэрскія пальчаткі і пачаў наносіць удары мне па галаве ў вобласьць правай і левай скроняў каля пяці разоў, пасьля чаго я ўпаў на левы бок. Ён біў мяне спачатку нагамі па сьпіне ў раёне нырак і па нагах — агулам было нанесена каля пяці ўдараў.
Пасьля гэтага ён мяне падняў, пасадзіў на крэсла і спытаў, ці будзем пісаць відэа», — апавёў Аляксандар.

Аляксандар зноў адмовіўся, і сілавік-«баксэр» зноў пачаў яго біць, а калі той паваліўся на падлогу, вельмі балюча выцяў па хвастцы.

«Пасьля гэтага ён узяў электрашокер і пачаў біць ім па руках у вобласьць кісьцяў ня менш за пяць разоў. Далей зноў пасадзілі мяне на крэсла. Пасьля гэтага ён узяў пярцовы балён, але тады я пагадзіўся на запіс відэа за выключэньнем некалькіх пунктаў», — цытуюць Аляксандра праваабаронцы.

Паводле Аляксандра, зь ім у РУУСе быў хлопец, які сказаў, што яму прыпалілі два разы паяльнікам галаву, каб ён назваў код ад тэлефона.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арышты і штрафы 9 чэрвеня: пагрозы электрашокерам, затрыманьні за налепкі, пратаколы на журналістаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі абверглі, што ў калёніі катуюць палітвязьня, але прызналі, што ён глытаў мэталічныя прадметы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў 11 чэрвеня: на дызайнэра, асуджанага на 7 гадоў, завялі новую справу, бо «забыліся прад’явіць»