Пры затрыманьні ў 54-гадовага мужчыны здарыўся сардэчны прыступ. Яго дачка Анастасія расказала Свабодзе пра цяперашні стан бацькі.
«Па тату прыйшлі недзе праз тыдзень пасьля жнівеньскіх падзей, — расказвае пра перасьлед бацькі Анастасія. — Пры першай спробе завезьці яго ў Сьледчы камітэт ён адразу ж трапіў у шпіталь (там заразіўся каранавірусам. — РС). Перахваляваўся, стала дрэнна, і ён проста ў СК на крэслах і «зваліўся».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У абвінавачанага ў «пінскай справе» пасьля затрыманьня здарыўся сардэчны прыступПры наступнай паездцы ў Сьледчы камітэт Валянціну таксама зрабілася дрэнна. Ён зноў апынуўся ў бальнічнай палаце.
«Сьледзтва пачалося толькі недзе ў канцы верасьня — пачатку кастрычніка, — кажа Наста. — Праваахоўнікі разумелі, напэўна, што ў таты праблемы з сэрцам. Што яму ў адну сэкунду можа стаць дрэнна. Таму яны, мабыць, зьлітаваліся і пакінулі яго пад падпіскай аб нявыезьдзе».
У палаце з кратамі, прышпілены наручнікамі
24 сакавіка, напярэдадні Дня Волі, па Валянціна Колба зноў прыйшлі сілавікі. Падчас затрыманьня ў яго пачалася тахікардыя і здарыўся сардэчны прыступ. Яго адразу ж шпіталізавалі ў пінскую цэнтральную бальніцу.
«Там ён ляжаў у палаце з кратамі, прышпілены наручнікамі. Побач дзяжурыў канвой. Нікога староньняга ўсярэдзіну не пускалі. Тату дазволілі толькі пару разоў патэлефанаваць і перадаць запіскі родным з просьбамі», — кажа суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пачаўся суд над новымі фігурантамі «пінскай справы» аб беспарадках пасьля выбараўУ дзень шпіталізацыі Валянціну Колбу правялі апэрацыю па стэнтаваньні каранарнай артэрыі (4 гады таму ён ужо перанёс інфаркт). Лекары сказалі, што пасьля выпіскі варта прайсьці дадатковае абсьледаваньне ў Берасьці або Менску. Пры гэтым самі мэдработнікі, па словах Анастасіі, туды накіраваньня яму ня выдалі.
«Лекар ня вельмі хацеў што-небудзь з намі абмяркоўваць. Можа, баяўся праблем ад пацыента, побач з палатай якога дзяжурыць міліцыя, — мяркуе суразмоўца. — Сказаў толькі, што мы яго стабілізавалі, а ўсё астатняе — плянавае. Няхай далей ён сам з усім разьбіраецца».
Пасьля паступленьня ў бальніцу Валянцін Колб праляжаў нейкі час у рэанімацыі і тыдзень правёў у аддзяленьні. Пасьля выпіскі Валянціна завезьлі ў Пінскі ІЧУ, адтуль перавялі ў Баранавіцкі СІЗА № 6. А напярэдадні суду зьмясьцілі ў Берасьцейскі СІЗА № 7.
Адвакат адгаворвае ад паездак у суд
Анастасія прызнаецца, што ня ў курсе таго, што адбываецца ў судзе. Ад паездак на паседжаньні яе і іншых сваякоў бацькі адгаворвае адвакат, дадае яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Без нагі, хворы на рак, з розумам дзіцяці. Хто сядзіць «за палітыку» з сур’ёзнымі хваробамі«Яна кажа: „Навошта вам лішні раз туды катацца, тата ваш, маўляў, сам ня хоча“. Цётка пытаецца: „Як гэта ён ня хоча, калі ён на першым паседжаньні нам махаў і ўсьміхаўся? Відаць было, што ён радаваўся і засумаваў“. Калі пытаем адваката, што там у судзе, яна адказвае: „Нічога цікавага, пакуль усё як звычайна“».
Могуць пазбавіць інваліднасьці
Анастасія прызнаецца, што надзвычай турбуецца за здароўе бацькі.
«У яго 3-я група інваліднасьці, і да 30 чэрвеня яе трэба падоўжыць. Начальнік мэдсанчасткі кажа, што згодна зь нейкай новай пастановай яны ня могуць яго цяпер завезьці ў паліклініку, каб прайсьці МРЭК і пацьвердзіць інваліднасьць. Быццам бы з прычыны каранавірусу».
Аднак, па словах Анастасіі, інвалідам, якія знаходзяцца ў зьняволеньні, мэдкамісію можна прайсьці «завочна». Яна кажа, што калі ў бацькі адбяруць групу, то ў калёніі ў яго ня будзе палегчаных умоў працы. Яго таксама могуць пазбавіць пэнсіі (у Валянціна Колба на ўтрыманьні жонка і непаўналетняя дачка. — РС). Акрамя гэтага, могуць узьнікнуць і праблемы зь перадачай лекаў, якія да гэтага ён, сярод іншага, набываў па льготах. Валянціну таксама патрэбна яшчэ адна плянавая апэрацыя. Аднак, па словах Анастасіі, «ніхто ня хоча гэтым займацца».
«Не ў яго стылі пісаць пэсымістычныя лісты»
«Тата трымаецца. Піша, што адчувае сябе нармальна.Толькі схуднеў. Лекі, здаецца, атрымлівае. Не ў яго стылі пісаць пэсымістычныя лісты, ён ня любіць гаварыць аб праблемах. Пісаў, што робіць гімнастыку для шыі (у Валянціна шыйны астэахандроз. — РС), стараецца больш рухацца на прагулцы, чытае кнігі, — расказвае суразмоўца. — Наколькі я ведаю, у берасьцейскім СІЗА, у адрозьненьне ад Баранавіцкага, яму як інваліду дазволілі ляжаць. Але ён не карыстаецца гэтай магчымасьцю. Сядзеў у знак салідарнасьці з сукамэрнікамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Адседжу ўвесь тэрмін, але на калені перад уладай ня стану». Што вядома пра фігурантаў «пінскай справы» пасьля прысудуПа словах Анастасіі, яе бацька перажывае з прычыны праблем з карэспандэнцыяй.
«Думае, што яму зусім ня пішуць. Але гэта ня так! Яму піша шмат людзей. Яны і са мной асабіста зьвязваюцца, просяць перадаць словы падтрымкі. Проста ў берасьцейскім СІЗА палітвязьням перадаюць карэспандэнцыю ў большасьці выпадкаў толькі ад сваякоў. І адказы на лісты даходзяць на працягу 2–3 тыдняў», — кажа Наста.
Дачка Валянціна прызнаецца, што не чакала, што так шмат людзей адгукнуцца на цяжкую гісторыю яе бацькі і будуць аказваць вялікую падтрымку яго сям’і.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Да 6 з паловай гадоў зьняволеньня. Вынесьлі прысуд 14 фігурантам «пінскай справы». ВІДЭАСуды над новымі 12 фігурантамі «пінскай справы» (адзін з абвінавачаных у суд не зьявіўся. — РС) праходзяць з 31 траўня ў Берасьці. Пінчукоў вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу). Ім пагражае ад 3 да 8 гадоў турмы.
30 красавіка першай групе фігурантаў ужо прысудзілі ад 5,5 да 6,5 года пазбаўленьня волі. 14 палітвязьняў таксама мусяць выплаціць каля 201 тысячы рублёў кампэнсацыі пацярпелым сілавікам і чыноўнікам.