Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаны па «карагоднай справе» паэт і пчаляр Папека расказаў, што будзе зь ім і з пчоламі


Паэт і пчаляр Мікола Папека

8 чэрвеня Берасьцейскі раённы суд, у ліку 12 падсудных у справе аб «пратэставым карагодзе» ў Берасьці, пакараў і паэта-пчаляра зь вёскі Лінова пад Пружанамі Міколу Папеку.

Мікола Папека пакараны 2 гадамі абмежаваньня волі («хіміі»). Газэта «Новы час» распытала яго пра суд і пакараньне.

«Памылак багата нарабілі. Ніякіх экспэртыз не праводзілі. Фатаздымкі нейкія чорныя прад’яўлялі, на іх людзі зусім іншыя. Гэта яшчэ ад сьледчых так прыйшло, тыя ляпілі, як ім пад руку нехта казаў. Суду не было. Рашэньні прынятыя ў іншым месцы», — ня згодны з прысудам Мікола Папека.

Таксама Мікола Папека згадвае, як адказалі яму на патрабаваньне азнаёміць з матэрыяламі справы на беларускай мове.

«Пракурор Саўчук напісаў: маўляў, вы ж ведаеце, мы замежнікаў судзім, яны беларускай мовы не разумеюць. Таму карыстаемся ў судах расейскай».

Суд не ўлічыў, як індывідуальны прадпрымальнік пчаляр Мікола Папека зарабляе на хлеб. Фактычна, гэта выльецца ў дадатковае пакараньне — забарону на прафэсію, банкруцтва гаспадаркі.

«Пчольнік два гады, бадай што, ня вытрымае бяз сталай увагі, — кажа паэт і пчаляр. — Але я пазмагаюся. Абавязкова абскарджу, да ААН дайду».

Мікола Папека рыхтуецца адбываць 2 гады «хіміі». Іншыя асуджаныя, бацька і сын Яўген і Арсені Сінякі, а таксама Раман Яхін атрымалі па 2 гады «хатняй хіміі». Паліна і Андрэй Ляшко — паўтара года «хіміі» («хатняй» для жонкі і з выездам — для мужа). Сьвятлана Марчук, Марына Дарашук, Алеся Крамчаніна, Вікторыя Каральчук, Вольга Глушань і Раман Дземідовіч — 1 год і 6 месяцаў «хатняй хіміі».

У Берасьці агулам каля сотні гараджанаў і жыхароў ваколіц судзяць за пратэст супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў, які адбыўся летась 13 верасьня ў форме карагоду на скрыжаваньні праспэкта Машэрава і бульвара Касманаўтаў. Акцыю разагналі вадамётам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG