Прынялі ў прамысловую эксплюатацыю першы энэргаблёк БелАЭС

Астравецкая АЭС

10 чэрвеня прыёмачная камісія пад старшынствам намесьніка прэм’ер-міністра Беларусі Юрыя Назарава падпісала акт прыёмкі ў эксплюатацыю пускавога комплексу першага энэргаблёку Беларускай АЭС.

Рашэньне камісіі грунтуецца на станоўчых высновах наглядных органаў і працоўнай камісіі БелАЭС, а таксама на падставе выдадзенай МНС ліцэнзіі на прамысловую эксплюатацыю першага энэргаблёку, піша Мінэнэрга.

У склад прыёмачнай камісіі ўвайшлі прадстаўнікі міністэрстваў энэргетыкі, надзвычайных сытуацый, будаўніцтва і архітэктуры, прыроды, аховы здароўя і МУС, а таксама Дзяржстандарту, Горадзенскага аблвыканкаму, «Белэнэрга» і прадстаўнікі расейскіх кампаній «АСЭ», «Атомстройэкспорт», «Атомтехэнерго».

Этапу прамысловай эксплуатацыі папярэднічала праверка гатоўнасьці тэхналягічных сыстэм і абсталяваньня да засваеньня цеплавой і электрычнай магутнасьці, неабходныя выпрабаваньні, падрыхтоўка пэрсаналу.

Для будаўніцтва Беларускай АЭС улады Беларусі выбралі расейскі праект «АЭС-2006». Ва ўзьвядзеньні АЭС у Астраўцы ўзялі ўдзел 36 будаўнічых арганізацый. Колькасьць будаўнікоў дасягала 8,5 тысячы чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейская камісія занепакоеная сытуацыяй з Астравецкай АЭС

Супраць Астравецкай АЭС пратэстуе кіраўніцтва Літвы, якое зьвяртае ўвагу Эўразьвязу на шматлікія парушэньні пры пабудове станцыі. У пачатку чэрвеня дзяржаўная інспэкцыя бясьпекі ядзернай энэргетыкі Літвы пацьвердзіла сваю ранейшую пазыцыю — найперш неабходна вырашыць праблемы ядзернай бясьпекі. Аднак беларускі бок і расейскія кампаніі, на думку літоўцаў, засяродзіліся на выкананьні графіку, а не на адпаведнасьці правілам бясьпекі станцыі.

Інспэкцыя зь Літвы заявіла, што за ўвесь час так і не атрымала адэкватных адказаў на свае пытаньні пра выбар і ацэнку пляцоўкі будаўніцтва, сэйсмічную ўстойлівасьць праекту БелАЭС, устойлівасьць перад аварыямі вялікіх камэрцыйных самалётаў, выкананьне большасьці рэкамэндацый па выніках стрэс-тэстаў і ацэнку пажарнай рызыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскі ядзерны рэгулятар настойвае на прыпыненьні БелАЭС, ня лічыць яе бясьпечнай

Кампанія «Белэнэрга» за два дні да падпісаньня акту прыёмкі АЭС у прамысловую эксплюатацыю, 8 чэрвеня прызнала, што электрасеткі Беларусі маюць недастатковую прапускную здольнасьць, каб выкарыстоўваць электраэнэргію АЭС на бытавыя патрэбы. Пры гэтым Лукашэнка, які раней сказаў, што пытаньне паставак электраэнэргіі ня вырашана канчаткова, у чэрвені ня выключыў пабудовы ў будучыні і другой АЭС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У «Белэнерга» прызналі, што стан электрасетак не дазваляе выкарыстоўваць энэргію зь БелАЭС у побыце
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Трэба будзе — пабудуем і другую АЭС»