У Літве пачалі будаваць намётавае мястэчка для нелегальных мігрантаў, якія прыходзяць зь Беларусі

Беларуска-літоўская мяжа

Раней афіцыйная Вільня абвінаваціла ўлады Беларусі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі, ад чаго штодня на літоўска-беларускай мяжы затрымліваюць мігрантаў.

У Літве для нелегальных мігрантаў з дапамогай вайскоўцаў пачалі будаваць намётавае мястэчка, паколькі цэнтар рэгістрацыі іншаземцаў у Пабрадэ перапоўнены, паведамляе LRT. Ён можа прыняць толькі 240 чалавек, таму нелегалы доўга знаходзяцца на заставах памежнікаў. Іх плянуюць уладкоўваць у інтэрнат школы памежнікаў, інфармуе Delfi. У намётавым мястэчку зьбіраюцца зьмясьціць каля 350 чалавек.

У Вільні на гэтым тыдні заявілі пра значнае павелічэньне колькасьці нелегальных мігрантаў, якія прыходзяць з тэрыторыі Беларусі. Цяпер Літва разглядае магчымасьць прыцягнуць да абароны мяжы зь Беларусьсю войска. Прэзыдэнт краіны Гітанас Наўседа абвінаваціў афіцыйны Менск у спрыяньні нелегальнай міграцыі, а міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце назвала дзеяньні Беларусі «гібрыднай вайной» супраць Літвы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Літвы абвінаваціў улады Беларусі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі

9 чэрвеня ў Літве затрымалі яшчэ 6 іншаземцаў, якія незаконным чынам трапілі на тэрыторыю Літвы. Падобныя выпадкі фіксуюцца штодня. Агулам за год затрымалі ўжо звыш 270 чалавек.

Таксама памежная служба Літвы ў траўні зафіксавала на відэа, як беларускія памежнікі хаваюць сьляды незаконнага перасячэньня мяжы. Беларускі бок адмовіўся ад перамоваў, на якія яго запрасілі літоўцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве затрымалі чарговую групу нелегальных мігрантаў, якія прыйшлі зь Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія памежнікі хаваюць сьляды нелегальнай міграцыі ў Літву: гэта зьнялі на відэа