Суд ААН адхіліў апэляцыю на прысуд генэралу Ратку Младзічу

Ратка Младзіч у судзе

Суд ААН у Гаазе (пераемнік Міжнароднага трыбуналу для былой Югаславіі) адхіліў апэляцыю, пацьвердзіўшы пажыцьцёвы прысуд былому вайскаводу арміі басьнійскіх сэрбаў генэралу Ратку Младзічу.

Апэляцыя была на абвінаваўчы прысуд, вынесены Младзічу ў 2017 годзе за яго дачыненьне да генацыду, ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасьці ў басьнійскай вайне (1992-1995).

Слуханьні ў апэляцыйным працэсе пачаліся 25 жніўня 2020 году. Младзіч, які лічыць сябе невінаватым, дамагаўся апраўданьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 25 гадоў таму адбылося найвялікшае масавае забойства ў Эўропе пасьля ІІ сусьветнай вайны

Ратка Младзіч быў асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне за ўчыненую на ягоны загад масавую расправу над тысячамі басьнійскіх мужчын і хлопцаў. 11 ліпеня 1995 году, пасьля ўзяцьця басьнійскімі сэрбамі мусульманскага анкляву Срэбраніца, падначаленыя Младзічу атрады забілі каля 8 тысяч басьнійскіх мусульманаў.

У абвінавачаньні таксама сказана пра тысячы ахвяраў аблогі Сараева, якая доўжылася 44 месяцы, зьдзекі зь людзей у лягерах для інтэрнаваных, тэрор у дачыненьні да харватаў і мусульманаў у басьнійскіх паселішчах, узяцьце ў закладнікі салдатаў-міратворцаў ААН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гааскі трыбунал засудзіў Ратку Младзіча за генацыд да пажыцьцёвага зьняволеньня

Пасля завяршэньня ў 1995 годзе вайны ў Босьніі і Герцагавіне Ратка Младзіч доўга хаваўся і быў арыштаваны ў Сэрбіі ў 2011 годзе.

Самымі высокапастаўленымі абвінавачанымі Міжнародным трыбуналам для былой Югаславіі сталі экс-прэзыдэнт Югаславіі Слобадан Мілошавіч і былы прэзідэнт Рэспублікі Сэрбскай (РС) у Босьніі і Герцагавіне (БіГ) Радаван Караджыч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 161 абвінавачаны, хованкі, самагубства — трыбунал па былой Югаславіі завяршае працу

Міжнародны трыбунал ААН для былой Югаславіі абвінаваціў агулам 161 чалавека. Апошнім арыштаваным на ордэр трыбуналу стаў Горан Хаджыч, затрыманы 20 ліпеня 2011 году.