Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 гадоў таму адбылося найвялікшае масавае забойства ў Эўропе пасьля ІІ сусьветнай вайны


Срэбраніца, 11 ліпеня 2020

Парэшткі яшчэ дзевяці ахвяраў ідэнтыфікаваныя і пахаваныя 11 ліпеня.

У басьнійскім горадзе Срэбраніца 11 ліпеня прайшлі памятныя мерапрыемствы, зьвязаныя з 25-годзьдзем з дня забойства больш як васьмі тысячаў басьнійскіх мусульманаў узброенымі атрадамі басьнійскіх сэрбаў.

У суботу на мэмарыяльных могілках Патачары былі пахаваныя ідэнтыфікаваныя парэшткі яшчэ дзевяці мусульманаў, якія сталі ахвярамі самага крывавага злачынства ў Эўропе за ўсе гады пасьля Другой сусьветнай вайны.

Трагічная дата адзначаецца сёлета ў дні пандэміі каранавірусу, калі ўсім удзельнікам цырымоніі на могілках параілі насіць маскі і па магчымасьці трымаць бясьпечную дыстанцыю.

Срэбраніцкі анкляў, абвешчаны Радай Бясьпекі ААН у красавіку 1993 году «зонай бясьпекі», быў узяты войскамі басьнійскіх сэрбаў 11 ліпеня 1995 году. Міжнародны трыбунал выявіў, што было забіта 7000-8000 дарослых мужчын зь ліку басьнійскіх мусульман. Расьсьледаваньне ўстанавіла, што забойства зьдзейсьнілі салдаты Арміі Рэспублікі Сэрбскай пад камандаваньнем генэрала Раткі Младзіча.

З 2001 па 2017 гады Міжнародны трыбунал па былой Югаславіі асудзіў за разьню ў Срэбраніцы шэраг камандзіраў басьнійскіх сэрбаў да розных тэрмінаў зьняволеньня. Камандуючы войскамі Рэспублікі Сэрбскай Ратка Младзіч 22 лістапада 2017 года быў асуджаны да пажыцьцёвага пазбаўленьня волі. Шэраг абвінавачаных былі асуджаныя судамі Сэрбіі.

У 2017 годзе суд Нідэрляндаў прызнаў, што нідэрляндзкія міратворцы нясуць частковую адказнасьць за разьню, бо ня здолелі ёй перашкодзіць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG