Мін’юст вынес папярэджаньне БСДП за публікацыю працаў Цэсьлера у партыйным часопісе

Фрагмэнт выставы Ўладзімера Цэсьлера, архіўнае фота

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) атрымала афіцыйнае папярэджаньне ад Міністэрства юстыцыі.

Пра гэта Свабодзе паведаміў старшыня партыі Ігар Барысаў.

Як сказана ў дакумэнце ведамства, падставай паслужылі разьмешчаныя ў партыйным часопісе «Пазыцыя» «абразлівыя выявы дзяржаўнага сьцяга і дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, што сьведчыць аб яўнай непавазе БСДП да дзяржаўных сымбаляў, а таксама прапагандуюць нэгатыўнае стаўленьне да іх, што зьяўляецца парушэньнем патрабаваньняў закону «Аб дзяржаўных сымбалях Рэспублікі Беларусь».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску невядомыя затрымалі лідэра сацыял-дэмакратаў Ігара Барысава

Да 11 чэрвеня кіраўніцтву БСДП (Грамада) неабходна прыняць «комплекс захадаў» дзеля ліквідацыі вышэйзгаданых парушэньняў заканадаўства і свайго статуту, пра што праінфармаваць Міністэрства юстыцыі.

Як удакладніў старшыня партыі Ігар Барысаў, прычынай разьбіральніцтва сталі працы вядомага беларускага дызайнэра Ўладзімера Цэсьлера, зьмешчаныя ў апошнім нумары часопіса «Пазыцыя» на сайце БСДП (Грамада).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мастак Цэсьлер: Моладзь у Беларусі не запалохаеш турмой