Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бязглуздая і абсурдная трактоўка». Мастак Цэсьлер выступіў у абарону ксяндза Барка


Уладзімер Цэсьлер
Уладзімер Цэсьлер

1 сьнежня пачаўся суд да ксяндзом Вячаславам Барком за тое, што на сваёй старонцы ў сацсетцы ён разьмясьціў працу мастака Ўладзімера Цэсьлера «Стоп лукашызм».

«Старшы опэрупаўнаважаны крымінальнага вышуку Гаўрылаў, кіруючыся, як ён сам сказаў, асабістай думкай, 25 лістапада заўважыў у маіх сацыяльных сетках пост, разьмешчаны ў жніўні. Ён лічыць, што я разьмясьціў свастыку — нацысцкі сымбаль», — расказаў на сваім канале ў YouTube Вячаслаў Барок.

«Я патлумачыў, што я разьмясьціў мастацкі твор славутага мастака Ўладзімера Цэсьлера „Стоп лукашызм“, а не нямецкую свастыку. Я супраць фашызму, камунізму, любога таталітарнага рэжыму. Гэты плякат я разьмясьціў, паказваючы свой пратэст супраць гвалту ў краіне», — сказаў ксёндз.

3 сьнежня суд працягнецца ў Расонах.

Мастак Уладзімер Цэсьлер абурыўся трактоўкай сьледчым сваёй карціны і выступіў у абарону Вячаслава Барка.

«Я, Цэсьлер Уладзімер Якаўлевіч, сябра Беларускага саюзу мастакоў, габрэй, аўтар працы „Стоп лукашызм“, заяўляю, што выкарыстаны ў маёй працы вобраз мае прамую антыфашысцкую скіраванасьць. Трактоўка гэтай працы ў якасьці прапаганды або дэманстрацыі нацысцкай і фашысцкай сымболікі бязглуздая і абсурдная ў сілу прамой антыфашысцкай сутнасьці гэтай працы.

Гісторыя маёй сям’і і бацькі, які прайшоў вайну і быў узнагароджаны ордэнамі і мэдалямі за барацьбу з фашызмам, як і гісторыя ўсяго габрэйскага і беларускага народаў — гэта гісторыя антыфашысцкага супраціўленьня.

Мы смуткуем па ўсіх ахвярах фашызму на тэрыторыі Беларусі і ня хочам распраў над грамадзянамі нашай краіны за іншадумства ў адносінах дзяржаўнай ідэалёгіі.

Як грамадзянін сваёй краіны я не магу маўчаць. Сваё стаўленьне да таго, што адбываецца ў Беларусі, я выказваю праз творчасьць, у мастацкіх вобразах, у сваіх карцінах і плякатах.

Той факт, што публікацыя маёй антыфашысцкай працы на старонцы сьвятара Вячаслава Барка ў сеціве расцэнена як дэманстрацыя нацысцкай сымболікі, выклікае зьдзіўленьне, супярэчыць маёй мастацкай задуме пры працы над творам і відавочнай для кожнага, у каго ёсьць вочы, розум і сэрца, антыфашысцкай пазыцыі Касьцёлу!» — напісаў Уладзімер Цэсьлер у фэйсбуку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG