Расея афіцыйна выйшла з Дамовы аб адкрытым небе

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў закон аб дэнансацыі Дамовы аб адкрытым небе.

Дакумэнт дзейнічаў ад 2002 году. Пагадненьне, у якім удзельнічаюць больш за 30 дзяржаваў, дазваляе рабіць кароткія палёты для маніторынгу вайсковай актыўнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьмітрый Мядзьведзеў: адносіны паміж Расеяй і ЗША вярнуліся ў эпоху «халоднай вайны» 

Вашынгтон абвясьціў, што пакідае дамову, у лістападзе летась, яшчэ пры адміністрацыі Дональда Трампа, з прычыны парушэньняў з боку Масквы. У прыватнасьці, прэтэнзіі ЗША выклікала спроба Масквы абмежаваць палёты побач зь межамі прызнаных толькі Расеяй самаабвешчаных Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі і прымусіць самалёты кантролю садзіцца на аэрадромы ў анэксаваным Крыме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША афіцыйна выйшлі з Дамовы аб адкрытым небе

Расея абвінавачаньні адпрэчыла і ў студзені заявіла аб намеры пакінуць дамову. Расейскае МЗС заявіла, што ЗША, выйшаўшы з дамовы, трацяць шанцы наладзіць адносіны з Масквой.