Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША афіцыйна выйшлі з Дамовы аб адкрытым небе


Ілюстрацыйнае фота.

Злучаныя Штаты 22 лістапада афіцыйна выйшлі з Дамовы аб адкрытым небе — пагадненьня аб кантролі над узбраеньнямі, у парушэньні якога Вашынгтон неаднаразова абвінавачваў Маскву.

Выхад зьяўляецца апошнім ударам па сыстэме міжнароднага кантролю над узбраеньнямі, якую неаднаразова крытыкаваў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, скардзячыся, што Вашынгтон альбо падманваюць, альбо несправядліва стрымліваюць яго вайсковыя магчымасьці.

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША пацьвердзіў выхад з дамовы, адзначыўшы, што скончылася шэсьць месяцаў з моманту яго абвяшчэньня, чаго патрабуе пратакол выхаду. Рада нацыянальнай бясьпекі ЗША таксама пацьвердзіла выхад і дадала, што «Расея груба парушала [дамову] гадамі».

Міністэрства замежных спраў Расіі асудзіла рашэньне ЗША. «Вашынгтон свой ход зрабіў. Ад яго ня выйграла ні эўрапейская бясьпека, ні бясьпека саміх ЗША і іх саюзьнікаў. Цяпер многія на Захадзе задаюць пытаньне, якой будзе рэакцыя Расеі. Адказ просты. Мы раней неаднаразова падкрэсьлівалі, што ўсе варыянты для нас адкрытыя», — гаворыцца ў заяве міністэрства 22 лістапада.

Падпісаная ў 1992 годзе дамова, якая ўступіла ў сілу ў 2002 годзе, дазваляе яе 34 удзельнікам праводзіць палёты над тэрыторыямі адна адной для кантролю вайсковай дзейнасьці. У рамках пагадненьня адбылося больш за 1500 палётаў.

Прыхільнікі дамовы кажуць, што палёты, напрыклад, паказваюць, што праціўнікі ня ўтойваюць сіл і не рыхтуюцца да атакі.

Але яго крытыкі, асабліва сярод амэрыканскіх рэспубліканцаў, сьцьвярджаюць, што дамова неаднаразова парушалася, у першую чаргу Масквой. У сваёй заяве ў траўні дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо сказаў, што расейскія парушэньні ўключаюць абмежаваньні на палёты паблізу Грузіі ўздоўж паўднёвых межаў Расеі і абмежаваньні на працягласьць палётаў над расейскім анклявам Калінінград.

Экспэрты па кантролі над узбраеньнямі заяўляюць, што ў той час як некаторыя скаргі ЗША заслугоўваюць увагі, іншыя ўводзяць у зман. Паводле іх слоў, амэрыканскія вайсковыя і разьведвальныя ведамствы страцяць важную крыніцу зьвестак, ня будучы ўдзельнікам дамовы.

«У той час як Расея парушыла дамову, ЗША адказалі ім узаемнасьцю. Саюзьнікі з NATO падтрымліваюць дамову, якая ў першую чаргу сканцэнтраваная на ўмацаваньні эўрапейскай бясьпекі, і жадаюць, каб Злучаныя Штаты заставаліся ўдзельнікам», — заявіў у камэнтары, апублікаваным на мінулым тыдні, Стывэн Пайфэр, былы дыплямат ЗША і экспэрт па кантролі над узбраеньнямі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG