Яго абвінавачваюць у арганізацыі «масавых беспарадкаў» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу). Летась 10 жніўня Максім тэлефанаваў сябрам, запрашаў паехаць у Гомель. Доказы віны — ягонае прызнаньне і зафіксаваныя міліцыяй тэлефонныя размовы.
Справу разглядае судзьдзя Сяргей Салоўскі. Абвінавачаньне падтрымлівае прадстаўніца пракуратуры Ірына Курбацкая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Рэчыцы ГУБАЗіК затрымаў удзельніка пратэстаў з футбольных заўзятараўПаводле абвінавачаньня, жыхар Рэчыцы заклікаў знаёмых, арганізаваў іх збор і асабістым прыкладам схіліў іх да ўдзелу ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, у Рэчыцы і Гомлі.
Максім Ялканаў прызнаў сваю віну і заявіў, што раскайваецца. Ён расказаў, што са знаёмымі абмяркоўвалі сытуацыю ў Беларусі ў час выбараў, а 10 жніўня кампанія сустрэлася на раёне і пайшла ў цэнтар гораду, каб паглядзець, што там адбываецца. У той жа вечар кампанія паехала ў Гомель. У цэнтры гораду іх практычна адразу пасьля прыбыцьця затрымала міліцыя. Пазьней іх адпусьцілі.
У судзе высьветлілася, што тэлефонныя размовы Ялканава праслухоўваліся.
У саміх тэлефонных размовах гаворка не ідзе пра ўдзел у мітынгу ці масавых беспарадках. Там толькі гучаць прапановы сустрэцца ў цэнтры Рэчыцы, пайсьці туды ці паехаць разам.
7 чэрвеня ў судзе зачыталі паказаньні сьведак, якія не прысутнічаюць на працэсе, бо знаходзяцца за мяжой. Гэта прыяцелі Ялканава, яны сябруюць зь дзяцінства.
Адзін зь іх на папярэднім сьледзтве даў паказаньні, што сапраўды 10 жніўня яму тэлефанаваў Ялканаў і прапанаваў сустрэцца ў цэнтры гораду.
«Але я быў п’яны, быў на той час у запоі і блага нешта памятаю. Я пайшоў на плошчу, але Ялканаў і нашы знаёмыя прапанавалі мне ісьці дахаты, бо я п’яны і магу трапіць у міліцыю. Я пайшоў дахаты. Пра гатоўнасьць да гвалту ў бок міліцыі? Я ня памятаю, каб Ялканаў мне такое казаў. Калі мяне апытвалі пазьней міліцыянэры, я таксама быў п’яны і наогул ня памятаю, што яны пыталіся і што было ў пратаколе. Я проста яго падпісаў», — патлумачыў у сваіх паказаньнях жыхар Рэчыцы Раман.
У іншага сьведкі сьледчы пытаўся:
- — Ці злоўжывае алькаголем Ялканаў?
- — Ці зьяўляецца ён футбольным фанатам?
- — Ці захоўвае апазыцыйную сымболіку? Ці займаецца палітычнай дзейнасьцю?
- — Колькі грошай ён атрымліваў за ўдзел у мітынгу? Колькі ім абяцалі заплаціць?
Сьведка расказаў, што сустрэўся са сваім прыяцелем Ялканавым у цэнтры Рэчыцы 10 жніўня. Потым кампанія вырашыла ехаць у Гомель.
«Проста пагуляць. Ніякай мэты ў нас не было. Мы не зьбіраліся ўдзельнічаць у мітынгах. Як толькі прыехалі ў Гомель і пайшлі ў бок Савецкай, нас затрымала міліцыя. У мяне нічога забароненага не знайшлі, і нас адпусьцілі. Папярэдзілі, каб ня ўдзельнічалі ў мітынгах. Ніхто нам не плаціў. Мы езьдзілі са сваёй ініцыятывы», — патлумачыў сьведка.
14 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёну адбудуцца спрэчкі бакоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я зноў хачу жыць». Жанчына напісала перадсьмяротную запіску, бо яе будуць судзіць за слова «тварь» у адрас сілавіка. ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нарэшце ён не ў адзіночцы, і дух яго не зламаны». Што з гомельскім падлеткам, якому далі 5 гадоў калёніі