Вайсковы камісар Рэчыцкага і Лоеўскага раёнаў загінуў у бойцы ў рэстаране

Асіповічы

Трагедыя здарылася ў Асіповічах. Відавочцы сьцьвярджаюць, што апазналі таго, хто нанёс сьмяротны ўдар, называюць супрацоўніка сталічнага АМАПу.

Увечары 5 чэрвеня ў рэстаране «Пралеска» ў Асіповічах адбылася бойка. Адзін з удзельнікаў бойкі атрымаў сур’ёзныя траўмы і памёр. Людзі, якія бачылі відэазапіс канфлікту, кажуць, што нібыта апазналі яго ўдзельнікаў, піша Tut.by.

Загінуў у бойцы вайсковы камісар Рэчыцкага і Лоеўскага раёнаў Сяргей Плескі. Гэта пацьвердзілі некалькі яго знаёмых. Паводле інфармацыі парталу Рэчыца LIVE, 38-гадовы палкоўнік у Асіповічах быў у выправе на вучэньнях. У суботу Плескі разам з калегамі пайшоў у рэстаран.

Чытач, які часткова бачыў, што адбылося, расказаў журналістам, што ў рэстаране сядзелі дзьве кампаніі. Паміж імі адбыўся канфлікт зь невядомай прычыны. Калі здавалася, што канфлікт скончыўся, мужчыны выйшлі на вуліцу, і там усё ж завязалася бойка. Адзін з удзельнікаў ад удару зваліўся зь лесьвіцы і ўдарыўся аб плітку. Прыехала «хутка»я, пацярпелага шпіталізавалі, але ён памёр.

Яшчэ адзін чытач, які бачыў запіс зь відэакамэраў рэстарану, сказаў, што адзін з мужчын ударыў Плескага нагой у галаву, удар быў адзін.

Жыхары Асіповічаў, зь якімі ўдалося пагутарыць, кажуць, што апазналі таго, хто ўдарыў палкоўніка. Паводле іх, вінаватага завуць Уладзіслаў, ён, імаверна, працуе ў АМАПе. Сам з Асіповічаў, і раней ён ужо біўся якраз у гэтым рэстаране. Цяпер канфлікт адбыўся празь дзяўчыну.

Апэратыўна зьвязацца са сваякамі загінулага не ўдалося, ня выйшаў на сувязь і супрацоўнік АМАПу, пра якога расказалі людзі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BYPOL паведаміў пра самагубства ў Воршы падпалкоўніка міліцыі

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу па факце гібелі Сяргея Плескага па ч.3 арт.147 (прычыненьне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, якія прывялі да сьмерці). Таксама там пацьвердзілі, што ў камісара быў канфлікт з раней не знаёмым 25-гадовым менчуком, які служыць у органах унутраных спраў. Зараз вырашаецца, якой будзе мера стрыманьня да амапаўца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны паведаміла пра сьмерць афіцэра Гомельскага гарнізону
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарговая сьмерць у беларускім войску: у Печах знайшлі мёртвым старшага прапаршчыка