Амаль паўтысячы беларусаў ня могуць вылецець з Кіпру, іх высяляюць з гатэляў

Кіпрская сталіца Нікасія, ілюстрацыйнае фота

Кіпр далучыўся да іншых краін Эўразьвязу і закрыў для самалётаў «Белавія» сваю паветраную прастору. Праз гэта дадому ня могуць вярнуцца многія беларускія турысты, якія адпачывалі на востраве.

Адзін зь беларусаў расказаў «Нашай ніве», што эвакуацыйны рэйс з Ларнакі ў Маскву быў прызначаны на 2 чэрвеня, але ў апошні момант яго адмянілі без тлумачэньня прычыны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эвакуацыйны борт «Белавія» вылецеў у Чарнагорыю, чартэрныя рэйсы туды скасавалі да 18 чэрвеня

Паводле зьвестак, рэйс мусіла выконваць расейская кампанія «Якуція». Турыстаў абяцалі даставіць у маскоўскі аэрапорт «Унукава», а ўжо адтуль у Беларусь.

2 чэрвеня ўсіх беларускіх турыстаў, у якіх скончыліся пуцёўкі, выселілі з гатэляў. Цяпер ім трэба самастойна шукаць жыльлё ці альтэрнатыўныя шляхі вяртаньня дадому.

«Агулам тут сама меней 450 беларусаў, — расказаў адзін з турыстаў. — Многія ў разгубленасьці, бо трэба на працу. Ды і запасы грошай ужо канчаюцца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка даў дабро на авіярэйсы ў анэксаваны Расеяй Крым

У менскім офісе кампаніі «Белавія» ня маюць інфармацыі аб сытуацыі зь землякамі, якія захрасьлі на Кіпры.