Белы дом: саміт Байдэна і Пуціна — гэта не ўзнагарода Расеі, а абарона інтарэсаў Амэрыкі

Джо Байдэн і Ўладзімір Пуцін. 2011 год

Белы дом адхіліў крытыку саміту прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна і яго расейскага калегі Ўладзіміра Пуціна, які мае адбыцца неўзабаве, заявіўшы, што нішто ня можа замяніць «асабістых кантактаў лідэраў».

«Мы не разглядаем, як вы можаце ўявіць, сустрэчу з прэзыдэнтам Расеі як ўзнагароду. Мы лічым яе важнай часткай абароны інтарэсаў Амэрыкі», — заявіла журналістам намесьнік прэс-сакратара Белага дома Карын Жан-П’ер на борце прэзыдэнцкага самалёта, які ляцеў у Талсу, штат Аклахома.

Сустрэча Байдэна і Пуціна плянуецца 16 чэрвеня ў Жэнэве, нагадвае Голас Амэрыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскія сэнатары сустрэліся ў Вільні зь Ціханоўскай і запрасілі яе ў Вашынгтон

Яны плянуюць абмеркаваць шырокае кола пытаньняў, сярод якіх кантроль над узбраеньнямі, міжнародная бясьпека і правы чалавека. Акрамя таго, чакаецца, што ў парадак дня будуць уключаныя сытуацыя ў Беларусі, а таксама нядаўняе нарошчваньне расейскай вайсковай прысутнасьці на мяжы з Украінай.
Аднак некаторыя крытыкі ў ЗША лічаць, што саміт зьяўляецца падарункам для Расеі і, магчыма, натхніць яе на больш агрэсіўныя дзеяньні. Жан-Пʼер не пагадзілася з гэтымі заявамі.

«Прэзыдэнт Байдэн сустракаецца з Уладзімірам Пуціным з прычыны рознагалосьсяў паміж нашымі краінамі, а не насуперак ім, — сказала яна. — Прэзыдэнт Байдэн — самы эфэктыўны праваднік амэрыканскіх каштоўнасьцяў і прыярытэтаў, і непасрэдная размова з прэзыдэнтам Пуціным — гэта самы эфэктыўны спосаб зразумець расейскія пляны і намеры».

Раней Белы дом заявіў, што ў Жэнэве лідэры дзьвюх краін «абмяркуюць увесь спэктар актуальных пытаньняў» на фоне імкненьня ЗША «аднавіць прадказальнасьць і стабільнасьць» двухбаковых стасункаў.
Па словах афіцыйных асобаў Белага дома, яны не чакаюць ніякіх сурʼёзных прарываў. Яны лічаць, што Пуцін і Байдэн мусяць пачаць узаемадзейнічаць у тых нешматлікіх пытаньнях, дзе ёсьць прастора для супрацоўніцтва, напрыклад у барацьбе са зьменамі клімату і пандэміяй каранавірусу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьніца дырэктара Цэнтру Эўразіі: «ЗША пакуль не былі дастаткова агрэсіўнымі»