На «Беларуськаліі» абвалілася галерэя. Зьвестак пра пацярпелых няма

Абвал шахты, архіўнае фота

На 4-м рудаўпраўленьні прадпрыемства «Беларуськалій» абвалілася шахта коміну паміж кацельнямі. Ніхто не пацярпеў.

Пра гэта фэйсбук-супольнасьці «Твой Солигорск» паведамілі відавочцы.

Незалежны прафсаюз гарнякоў ААТ «Беларуськалій» удакладніў: абрынулася не галерэя, пра што казалі першапачаткова, а шахта коміну, якая разьмяшчалася паміж двума кацельнямі.

У адміністрацыі запэўнілі, што на працу прадпрыемства аварыя не паўплывала, тэхналягічная шкода неістотная. На гэтым участку правядуць рамонт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абвалілася шахта «Беларуськалію». Пад заваламі людзі

Паведамленьні пра надзвычайныя здарэньні на «Беларуськаліі» апошнім часам прыходзяць рэгулярна.

Паводле прафсаюзных актывістаў, галоўная прычына — у зношанасьці прамысловага абсталяваньня і грэбаваньні тэхнікай бясьпекі, абы выканаць плян.