Да затрыманага Рамана Пратасевіча па-ранейшаму не дапускаюць абаронцу

Раман Пратасевіч, архіўнае фота

Абаронца Рамана Пратасевіча наведала розныя сілавыя структуры, якія займаюцца яго справай, але з журналістам пакуль не сустрэлася.

Як паведаміла агенцтву РИА Новости адвакатка Рамана Пратасевіча, 25 траўня яна наведала СІЗА на вуліцы Валадарскага, Сьледчы камітэт і КДБ, аднак доступу да падабароннага пакуль не атрымала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі журналіста Рамана Пратасевіча. Самалёт, якім ён ляцеў, пасадзілі з дапамогай вайсковага зьнішчальніка

Напярэдадні Міністэрства ўнутраных спраў выклала відэа з допытам журналіста, які гэтаксама ажыцьцяўляўся без прысутнасьці абаронцы. Таму няма ўцямнага адказу на пытаньне, ці сапраўды ён быў зьбіты, на што сьведчыць колькасьць танальнага грыму на твары.

Рамана Пратасевіча і ягоную сяброўку Соф’ю Сапегу затрымалі 23 траўня, калі самалёт кампаніі Ryanair, якім яны вярталіся з Атэнаў у Вільню, у суправаджэньні ваеннага зьнішчальніка Міг-29 прымусова пасадзілі на менскім лётнішчы. Падставай называлася нібыта паведамленьне пра бомбу на борце. Ніякай выбухоўкі ўрэшце не знайшлі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грамадзянку Расеі Соф’ю Сапегу падазраюць у «злачынствах» цягам жніўня-верасьня 2020 году

Вынікам надзвычайнага здарэньня стаў шырокі міжнародны рэзананас: замежныя авіяперавозчыкі цяпер пазьбягаюць паветранага калідору над Беларусьсю, а палёты нацыянальнага манапаліста «Белавія» у краіны Эўразьвязу, Вялікую Брытанію, Украіну на няпэўны час прыпыненыя.