Сілавікі затрымалі яшчэ шэраг супрацоўнікаў парталу Tut.by

Блогер Максім Пушкін

Працягваецца перасьлед супрацоўнікаў парталу Tut.by, якія застаюцца на волі.

Паводле інфармацыі рэсурсу, ад поўдня перасталі выходзіць на сувязь журналіст 42.TUT.BY Дзяніс Буркоўскі, а таксама рэдактар аддзелу SMM Аля Буркоўская і блогер Максім Пушкін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманых у справе Tut.by прызналі палітычнымі зьняволенымі

Як кажуць сьведкі, каля дому Буркоўскіх доўгі час стаіць характэрны мікрааўтобус, у якім заўважылі чалавека ў балаклаве.

Таксама сілавікі затрымалі супрацоўніцу разьдзелу «Леди» Tut.by Анастасію Пруднікаву. Як расказаў яе муж, да іх дадому прыйшлі супрацоўнікі ДФР Камітэту дзяржкантролю, правялі ператрус і кудысьці зьвезьлі жонку. Перад тым патлумачылі, што сьледчыя дзеяньні праводзяцца «у рамках справы Tut.by».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двое раней затрыманых у справе Tut.by знаходзяцца дома, падобна, пад хатнім арыштам

25 траўня беларускія правааабронцы прызналі палітвязьнямі 15 супрацоўнікаў Tut.by. Іх затрымалі 18 траўня падчас налёту інспэктараў Дэпартамэнту фінансавых расьследаваньняў на офіс і кватэры журналістаў і тэхнічных работнікаў.

Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.

Ад таго часу рэдакцыя апячатаная, сайт заблякаваны.