На 95-м годзе жыцьця памёр вядомы беларускі мастак Аляксандар Салаўёў. Пра гэта паведаміў мастак Андрэй Духоўнікаў, піша Tut.by.
Аляксандар Салаўёў нарадзіўся ў 1926 годзе ў Расеі. Ва ўзросьце 17 гадоў стаў партызанам, затым ваяваў на фронце. Пасьля вайны скончыў Мухінскую вучэльню. У Беларусь Салаўёў трапіў у 1959-м, дзе паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут.
У 1965 годзе Салаўёў прыехаў у Віцебск, дзе доўгія гады працаваў мастаком-пастаноўшчыкам, пазьней галоўным мастаком драматычнага тэатру імя Якуба Коласа. Мастацтвазнаўца Надзея Усава прыгадвае, як аднойчы гэты калектыў адправіўся на гастролі ў Маскву, і дэкарацыям Салаўёва, як калісьці работам Льва Бакста, зладзілі авацыі адразу пасьля ўзьняцьця заслоны.
У 70-я гады ў час брэжнеўскага застою Салаўёў зьвярнуўся да абстракцыянізму і стаў рабіць дзіўныя па філязофскай вобразнасьці і колеравай насычанасьці рэчы — своеасаблівыя каляровыя мэдытацыі. У канцы таго дзесяцігодзьдзя яго пастаянна крытыкавалі, а выставы зь ягонымі работамі закрывалі.
Аляксандра Салаўёва таксама называюць патрыярхам беларускага авангарду. У 2016-м ён падарыў Нацыянальнаму мастацкаму музэю ў Менску дзясяткі сваіх работ, якія паказалі там на пэрсанальнай выставе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алеся Пушкіна перавялі ў Жодзіна ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Горадні закрыў культурную пляцоўку «Цэнтар гарадзкога жыцьця» пасьля паказу карціны мастака Пушкіна ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі ПЭН-цэнтар выявіў 291 выпадак рэпрэсій у культурнай сфэры за першы квартал 2021 году