У Літве пачалі дасудовае дасьледаваньне інцыдэнту з самалётам Ryanair

Самалёт Ryanair прызямліўся ў Вільні. 23 траўня 2021 г.

Генэральная пракуратура і паліцыя Літвы пачалі расьсьледаваньне ў сувязі з інцыдэнтам з самалётам Ryanair.

Намесьнік генэральнага камісара паліцыі Літвы Арунас Паўлаўскас паведаміў журналістам на лётнішчы ў Вільні, што літоўская паліцыя распачала ў сувязі з прымусовай пасадкай у Менску самалёта Ryanair два дасудовыя расьсьледаваньні: у сувязі з захопам самалёта і з прымусовай пасадкай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі пасадзілі самалёт Ryanair, затрымалі блогера Рамана Пратасевіча. Галоўнае

У нядзелю генэральная пракуратура Літвы пачала дасудовае расьсьледаваньне захопу самалёта, які выконваў рэйс Атэны — Вільня.

«Пачата дасудовае расьсьледаваньне захопу самалёта і забароненага міжнародным правам абыходжаньня зь людзьмі», — паведаміла агенцтву BNS у нядзелю прадстаўніца пракуратуры Літвы Эляна Марцінанене.

Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце, гаворачы з журналістамі ў віленскім аэрапорце, заявіла, што тых, хто прыляцеў зь Менску, апытае літоўская паліцыя, каб як мага хутчэй сабраць інфармацыю аб здарэньні з самалётам Ryanair, накіраваным у Менск:

«Мы ўжо добрыя паўдня працуем з усімі нашымі міжнароднымі партнэрамі, ёсьць юрыдычныя праблемы, якімі займаюцца нашы праваахоўныя органы. Бясспрэчна, гэтая сытуацыя ня можа застацца без адказу. І гэта не пытаньне Літвы, бо ў самалёце былі грамадзяне іншых краін Эўразьвязу. Відавочна, гэта міжнародная тэма», — падкрэсьліла прэмʼер-міністарка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі журналіста Рамана Пратасевіча. Самалёт, якім ён ляцеў, пасадзілі з дапамогай вайсковага зьнішчальніка