Упершыню за тры дні зьявілася навіна пра Юлію Чарняўскую: зь ёю праводзяць сьледчыя дзеяньні

Юлія Чарняўская, архіўнае фота

Сваякі Юліі Чарняўскай 20 траўня падалі заяву ў КДБ: ад 18 траўня не было ніякай інфармацыі, дзе яна.

Сёньня дачка Юліі Чарняўскай Яўгенія напісала ў фэйсбуку, што адвакат атрымаў званок ад супрацоўнікаў ДФР, што цяпер над ёй будуць адбывацца сьледчыя дзеяньні (верагодна, допыт).

Адвакат зайшоў на сустрэчу. Дзе менавіта яна праходзіць і што адбываецца, невядома.

Юлія Чарняўская перастала выходзіць на сувязь з блізкімі раніцай 18 траўня, у дзень ператрусаў у офісе Tut.by і затрыманьня топ-мэнэджараў і супрацоўнікаў кампаніі. У той жа дзень яе бачылі ў кардыялягічным аддзяленьні 1-й лякарні ў Менску. Яна перанесла гіпэртанічны крыз, мэдыкі аказалі ёй дапамогу. Увесь гэты час побач знаходзіўся апэратыўнік. Пазьней у прыёмным пакоі адказалі, што Юлію Чарняўскую адпусьцілі дадому, аднак туды яна не вярнулася.

Юлія Чарняўская не зьяўляецца ўласьніцай Tut.by, найбольшы пакет акцый кампаніі мае яе дачка Яўгенія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дачка Юліі Чарняўскай лічыць, што яе маці ўлады ўтрымліваюць як закладніцу

Яўгенія не выключала, што маці знаходзіцца ў СІЗА КДБ, але там адвакату адмовіліся даць хоць якую інфармацыю.

Маці Юліі Аляксандра Чарняўская 20 траўня падала заяву ў КДБ: просіць паведаміць, ці затрымалі яе дачку. Паводле закону, у выпадку затрыманьня чалавека ягоных блізкіх павінны праінфармаваць цягам 12 гадзін. Паралельна Аляксандра Чарняўская просіць у выпадку, калі Юлія не затрыманая, ініцыяваць яе вышук як зьніклай.

Адвакатка Юліі Чарняўскай накіравала апавяшчэньне ва ўсе сьледчыя органы аб неабходнасьці забясьпечыць магчымасьць зносінаў з падабароннай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «А цяпер — мы, БЕЛАРУСЫ». 10 важных фактаў пра Юлію Чарняўскую
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе Юлія Чарняўская?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы зьвярнуліся ў пракуратуру, КДБ і МУС з нагоды зьнікненьня Юліі Чарняўскай