«У дрэнныя хвіліны ратуе тое, што ты карысны людзям». Выбраныя цытаты заснавальніка, дырэктаркі і галоўнай рэдактаркі Tut.by

Сьцяг з эмблемай парталу Tut.by каля офіса кампані ў Менску. Архіўнае фота

Юры Зісер, Людміла Чэкіна, Марына Золатава — што казалі людзі, якія стварылі найбуйнейшы партал краіны. 18 траўня доступ да парталу Tut.by у Беларусі заблякавалі. ДФР пачаў расьсьледаваньне крымінальнай справы.

18 траўня доступ да парталу Tut.by у Беларусі заблякавалі на распараджэньне Генэральнай пракуратуры. ДФР Камітэту дзяржкантролю пачаў расьсьледаваньне крымінальнай справы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сайт Tut.by заблякавалі, многіх супрацоўнікаў затрымалі. Завялі крымінальную справу. У чым іх вінавацяць

Юры Зісер (1960-2020), заснавальнік

Пра дапамогу людзям

«Кожны чалавек патрэбны іншым людзям, — адзначаў ён. — Я патрэбны як мінімум Tut.by. Веру, што ўплываю на навакольны сьвет. Да мяне зьвяртаюцца дзясяткі людзей кожны дзень з просьбамі і прапановамі. Ведаю, што магу ім быць карысны. Гэта дае натхненьне. У дрэнныя хвіліны ратуе тое, што ты карысны людзям. Калі памрэш, ад цябе застанецца толькі тое, што ты зрабіў. Вось і працуеш на карму.

Юры Зісер каля валожынскага аргану ў канцэртнай залі «Верхні горад», кастрычнік 2017 году.

Наогул, я агностык. Веру, што Бог ёсьць, але для мяне Бог — праграміст, нейкі стваральнік, якога я ніколі не пазнаю і не спазнаю. Ён для мяне не заключаецца ані ў якай рэлігіі. Упэўнены, што ніякага сэнсу жыцьця няма. Таму я бясконца шчасьлівы тым, што жыву. Проста кожны дзень жыву. Гэта ўжо вялікае шчасьце».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даў інфармацыйнае паветра, аднаўляў арганы, падтрымліваў прадпрымальнікаў і культуру. Вялікія праекты і добрыя справы Юрыя Зісера

Пра Tut.by

«Ніякага майго ўмяшаньня ў працу рэдакцыі няма і не было, — падкрэсьліваў Юры Зісер. — Я праграміст, не журналіст. Калі мне тэлефануе буйны бізнэсмэн або чыноўнік і просіць прыбраць нейкі артыкул, я звычайна нават ня ведаю, пра што гаворка. Аднак прасіць пра такія рэчы бессэнсоўна. Наша рэдакцыя ўпёртая. І нават калі чыноўнікі тэлефануюць і настойваюць нешта зьняць, яна не здымае.

Нельга гэтага рабіць — гэта ж адразу ўсе ўбачаць, напішуць, і будзе скандал. Будуць размовы, што Tut.by паддаўся ціску. Пройдзе паўдня, і любая навіна сама спаўзае ў архіў, але мы нічога не прыбіраем. Мы не здымалі артыкулы аб Пракапеню. Многія прыбралі, а мы — не. Па пастанове суду мы можам зьняць артыкул, на загад пракурора — выдаліць незаконную публікацыю. І гэта ўсё».

Больш падрабязна пра гісторыю парталу Tut.by — як ствараўся і чым важны найбуйнейшы беларускі партал

Людміла Чэкіна, гендырэктарка

Як аказалася на Tut.by

«Я марыла там працаваць. І калі даведалася, што ёсьць вакансія юрыста, неадкладна адправіла рэзюмэ. Мяне выбралі, я прыйшла працаваць шараговым юрыстам. Дарэчы, у нас з вакансіямі туга — ніхто не звальняецца, калі толькі ў дэкрэт сыходзяць або пераяжджаюць у іншы горад».

Людзьміла Чэкіна, генэральны дырэктар кампаніі Tut.by.

«Калі гаварыць пра інфармацыйную бясьпеку краіны, трэба ўлічваць, што калі нешта адмірае тут, то хутка замяняецца буйнымі гульцамі з Расеі, якія будуць дзейнічаць тут у нашмат мякчэйшых умовах», — цытуе яе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя імёны некаторых затрыманых у справе Tut.by

Марына Золатава, галоўная рэдактарка

Пра працу ў 2020 годзе

«Мінулы год нас навучыў быць рухомымі. Хутка прымаць рашэньні. Хутка мяняць правілы гульні. Бо вось мы думалі, што зможам працаваць у сініх камізэльках, але ха! І зразумела адразу, што не. Мы строім нейкія пляны, але гатовыя да таго, што ўсё можа зьмяніцца ў любы момант.

Марына Золатава

Мы ўпэўненыя, што ў пэрспэктыве ўсё будзе добра. Але невядома калі, як невядома і тое, што чакае нас наперадзе. Гаварыць пра канкрэтныя пляны цяпер не выпадае. Мы будзем асьвятляць тое, што будзе адбывацца ў краіне. Будзем прытрымлівацца фактаў, будзем аб’ектыўнымі».

Абавязкова пачытайце «Пачатак будзе тады, калі ўсё гэта скончыцца». Вялікая размова з Марынай Золатавай

Наступствы справы БелТА

«Для мяне ў гэтай справе больш важна, што калі будзе слабейшым Tut.by, то яго месца зоймуць не дзяржаўныя мэдыя і ня Радыё Свабода з „Нашай Нівай“. Тут вельмі клясна працуюць расейскія каналы, сацыяльныя сеткі, тэлевізія, інтэрнэт-рэсурсы. Той самы „Спутник“ становіцца ўсё больш папулярным.

Гэта, мне здаецца, значна больш небясьпечна для краіны, чым чарговае непрацяглае пагаршэньне стасункаў з Захадам. Мне здаецца, гэта настолькі відавочна. І дзіўна, што гэтага не разумеюць тыя самыя ўлады».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як TUT.BY будзе жыць пасьля страты статусу СМІ

«Гэты працэс адбіўся ня столькі на рэпутацыі Tut.by, колькі на рэпутацыі ўсіх яго ўдзельнікаў, уключна з рэпутацыяй дзяржаўных СМІ. А Беларусь зноў зьявілася ў загалоўках замежных мэдыя як дзяржава, дзе падаўляецца свабода слова. Мэдыясупольнасьць унутры краіны аказалася расколатай, паміж дзяржаўнымі і недзяржаўнымі СМІ вырасла сьцяна. Той, хто прыдумаў гэты працэс, ня вельмі сабе ўяўляў магчымыя наступствы».