Лукашэнка хоча даць Савету бясьпекі новыя паўнамоцтвы 

Аляксандар Лукашэнка на пасяджэньні 18 траўня

18 траўня Аляксандар Лукашэнка сабраў Савет бясьпекі. 

Лукашэнка заявіў, што Савету бясьпекі трэба даць «новыя канкрэтныя, жыцьцёва важныя функцыі».

Паводле Лукашэнкі, гэта дазволіць супрацьстаяць агрэсіўным спробам «ператварыць Беларусь, паводле тэрміналёгіі Злучаных Штатаў Амэрыкі, у „недзеяздольную дзяржаву“».

«Такое пашырэньне паўнамоцтваў будзе спрыяць забесьпячэньню стабільнай і бясьпечнай працы ўсёй дзяржавы і кожнага чалавека», — лічыць Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падпісаў закон: сілавікі не нясуць адказнасьці за шкоду ад прымяненьня зброі

9 траўня Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 2 «Аб абароне сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу». Дакумэнт прадугледжвае, што ў выпадку гібелі кіраўніка дзяржавы з прычыны замаху, акту тэрарызму, вонкавай агрэсіі, іншых гвалтоўных дзеяньняў усе дзяржаўныя органы і іх службовыя асобы дзейнічаюць у адпаведнасьці з рашэньнямі Савету бясьпекі, на пасяджэньнях якога старшынюе прэм’ер-міністар.

Пры гэтым на тэрыторыі краіны неадкладна ўводзіцца надзвычайнае або ваеннае становішча, а Савет бясьпекі вызначае пералік захадаў для іх забесьпячэньня. Рашэньні Савету бясьпекі абавязковыя для ўсіх, іх належыць безумоўна выконваць.

Паводле дэкрэту, асноўным пытаньнем будзе правядзеньне выбараў. Савет бясьпекі з удзелам кіраўнікў абласьцей прыме рашэньне аб іх правядзеньні.

Дэкрэт набыў моц 9 траўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка плянуе перадаць уладу Радзе бясьпекі, «калі раптам»

Хто ўваходзіць у Савет бясьпекі

15 сакавіка Аляксандар Лукашэнка адмысловым указам пашырыў склад пастаянных чальцоў Савету бясьпекі зь пяці да васьмі чалавек.

Старшыня Савету бясьпекі — сам Аляксандар Лукашэнка. Дзяржсакратаром Савету бясьпекі прызначаны генэрал Аляксандар Вальфовіч.

Пастаянныя чальцы СБ:

  • прэм’ер-міністар,
  • старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі,
  • кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта,
  • дзяржсакратар Савету бясьпекі,
  • міністры ўнутраных спраў, абароны і кіраўнік КДБ.

Чальцамі Савету бясьпекі зьяўляюцца старшыні Вярхоўнага суду, Камітэту дзяржкантролю, праўленьня Нацбанку, Сьледчага камітэту, Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту, Дзяржаўнага памежнага камітэту, а таксама генэральны пракурор, міністры замежных спраў, фінансаў, надзвычайных сытуацый, начальнік Генштабу Ўзброеных сіл — першы намесьнік міністра абароны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ідэя – стварыць калектыўнага Лукашэнку ў выпадку яго раптоўнага сыходу»

Пасьля сфальсыфікаваных выбараў 9 жніўня 2020 году Лукашэнку не прызнаюць легітымным прэзыдэнтам ЗША, краіны Эўразьвязу, Украіна і шэраг іншых дзяржаў. Лукашэнка знаходзіцца на чале Беларусі ад 1994 году, пры гэтым большасьць праведзеных пры яго кіраваньні выбараў сусьветная супольнасьць не прызнавала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці скончылася рэвалюцыя? Гутарка з аналітыкам Арцёмам Шрайбманам