Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка падпісаў закон: сілавікі не нясуць адказнасьці за шкоду ад прымяненьня зброі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У абноўленым законе пашыраецца кола асобаў, якіх абараняе дзяржава.

17 траўня Аляксандар Лукашэнка падпісаў абноўлены закон «Аб дзяржаўнай абароне судзьдзяў, службовых асобаў праваахоўных і кантрольных (наглядных) органаў, супрацоўнікаў органа дзяржаўнай аховы», піша дзяржаўны тэлеканал АНТ.

Цяпер у пашыраны сьпіс уключаны:

  • вайскоўцы Ўзброеных Сіл, іншых войскаў і вайсковых фармаваньняў у выпадках выкананьня імі абавязкаў у ахове грамадзкага парадку;
  • супрацоўнікі Службы бясьпекі прэзыдэнта Беларусі і Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце;
  • іншыя асобы ў сувязі з замахам на іх бясьпеку;
  • блізкія вышэйпералічаных асобаў.

Захады для абароны цяпер можна будзе ўжываць да любой асобы, якой пагражае небясьпека ў сувязі зь яе службовай дзейнасьцю, у тым ліку да дзяржаўных службоўцаў, судзьдзяў, работнікаў СМІ, сяброў выбарчых камісій, іншых асобаў, а таксама іх блізкіх.

У законе ў тым ліку канкрэтызуюцца падставы для правядзеньня асабістага надгляду грамадзян, надгляду рэчаў, транспартных сродкаў. Напрыклад, становіцца магчымым правядзеньне такога надгляду пры затрыманьні. Новым законам таксама ўдакладняюцца ўмовы і межы прымяненьня фізычнай сілы, спэцыяльных сродкаў, зброі, баявой і спэцыяльнай тэхнікі.

Прадугледжваецца, што міліцыянты не нясуць адказнасьці за шкоду, прычыненую ў выніку іх прымяненьня, калі такое прымяненьне ажыцьцяўлялася «ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі заканадаўчых актаў, якія рэгулююць дзейнасьць гэтых органаў». Акрамя таго, органы ўнутраных спраў надзяляюцца правам прымяняць баявую і спэцыяльную тэхніку пры спыненьні масавых беспарадкаў.

Супрацоўнікам органаў унутраных спраў даецца права:

  • забараняць грамадзянам відэазапіс, кіна- і фотаздымку для правядзеньня працэсуальных дзеяньняў, забесьпячэньня грамадзкага парадку, асабістай і грамадзкай бясьпекі;
  • весьці гука- і відэазапіс навакольнай абстаноўкі, у тым ліку грамадзян, пры выкананьні службовых абавязкаў.

Асноўныя палажэньні закону ўступаюць у сілу празь месяц пасьля яго афіцыйнага апублікаваньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG