У Польшчы затрымалі падазраванага ў шпіянажы на карысьць Расеі

У Польшчы па абвінавачваньні ў шпіянажы на карысьць Расеі затрыманы 43-гадовы польскі грамадзянін Марцін К.

Як паведамляе польскае Агенцтва ўнутранай бясьпекі, ён прызнаў віну па выстаўленых яму абвінавачаньнях.

Паводле ведамства, ён зьбіраў інфармацыю аб вайсковых структурах і польскіх грамадзянах і перадаваў гэтыя зьвесткі расейскай выведцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці ўмяшаецца NATO, калі Расея паспрабуе паглынуць Беларусь? Даклад вайсковай выведкі ЗША камэнтуюць аналітыкі

Польскія спэцслужбы затрымалі падазраванага ў шпіянажы на карысьць Расеі 5 траўня. Суд арыштаваў яго на тры месяцы. Расьсьледаваньне праводзіцца пры ўдзеле Нацыянальнай пракуратуры Польшчы. Матэрыялы справы засакрэчаныя.

У сярэдзіне красавіка Польшча абвясьціла трох супрацоўнікаў амбасады Расеі ў Варшаве пэрсонамі non grata. Як гаворыцца ў паведамленьні МЗС Польшчы, іх дзеяньні парушалі дыпляматычны статус, а таксама наносілі Польшчы шкоду. Масква ў адказ выслала пяцёх польскіх дыпляматаў.