Ізраіль бамбіць сілы ХАМАС. ЗША і Расея заклікаюць спыніць гвалт, МЗС Беларусі «ня мае права павучаць»

Палестынцы ў горадзе Газа шукаюць ацалелых у руінах, 16 траўня 2021

17 траўня ізраільскія вайсковыя самалёты нанесьлі цяжкія авіяўдары па некалькіх раёнах сэктару Газа, нягледзячы на ​​заклікі спыніць гвалт.

Паводле паведамленьняў СМІ, раніцай 17 траўня па Газе нанесьлі дзясяткі ўдараў з паветра. У кароткай заяве Сілаў абароны Ізраілю гаворыцца толькі, што «зьнішчальнікі бамбяць тэрарыстычныя аб’екты ў Газе». Авіяўдары прывялі да масавых адключэньняў электрычнасьці і пашкоджаньня соцень будынкаў.

Напярэдадні, паводле Ізраілю, авіяўдары пацэлілі ў больш як 90 абʼектаў у Газе. У выніку загінулі 42 палестынцы, у тым ліку як сама меней восем дзяцей і два лекары. Гэта стала самай вялікай колькасьцю ахвяраў за дзень у анкляве ад пачатку бамбаваньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белавія» ўпершыню з пачатку новых абстрэлаў у Палестыне зьняла рэйс у Ізраіль

Агульная колькасьць ахвяраў вырасла да 197 палестынцаў у Газе. Пра ахвяры ў выніку першых авіяўдараў 17 траўня пакуль не паведамлялася. Афіцыйныя асобы Ізраілю заяўляюць, што ў Ізраілі было забіта 10 чалавек, у тым ліку 5-гадовы хлопчык і адзін ізраільскі салдат.

Прэмʼер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу заявіў, што напады будуць працягвацца «столькі, колькі будзе патрэбна» для гарантаваньня бясьпекі краіны. Ізраіль «хоча, каб групоўка баевікоў ХАМАС заплаціла высокую цану», сказаў Нетаньягу ў тэлезвароце.

ХАМАС – палестынскі ісламісцкі рух, які кіруе ў сэктары Газа ад 2007 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гісторыя палестынска-ізральскага канфлікту. Тлумачым у 10 пунктах

Радыкальная палестынская групоўка ХАМАС таксама правяла самы інтэнсіўны абстрэл ад пачатку эскаляцыі канфлікту, выпусьціўшы ракеты па Ашкелоне, Ашдодзе і іншых гарадах у Ізраілі. Большая частка ракет была перахопленая ізраільскай сыстэмай СПА. Пра новыя ахвяры не паведамляецца.

  • Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн кажа, што ягоная адміністрацыя працуе з палестынцамі і ізраільцянамі дзеля дасягненьня устойлівага спакою, а дзяржсакратар Энтані Блінкен абмеркаваў канфлікт у тэлефонных размовах 16 траўня зь міністрамі замежных спраў Катару, Эгіпту і Саудаўскай Арабіі.
  • Намесьнік міністра замежных спраў Расеі Сяргей Вяршынін 16 траўня заклікаў да неадкладнага спыненьня гвалту і да аднаўленьня палестына-ізраільскага мірнага дыялёгу.
  • У МЗС Беларусі лічаць, што «ня маюць права павучаць кагосьці» і разьлічваюць на больш хуткую дээскаляцыю канфлікту намаганьнямі палітыкаў і дыпляматаў. «Лічым натуральным права любога суб'екта на абарону. Глыбока перакананыя, што як ізраільцяне, так і палестынцы маюць асноватворнае права жыць у міры і бясьпецы. Аднак яго рэалізацыя, таксама як і адстойваньне сваіх інтарэсаў, мусяць ажыцьцяўляцца ў рамках міжнароднага прававога поля», – сказаў прадстаўнік МЗС Беларусі Анатоль Глаз.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар Ізраілю просіць Беларусь асудзіць ракетныя абстрэлы з боку палестынцаў