Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белавія» ўпершыню з пачатку новых абстрэлаў у Палестыне зьняла рэйс у Ізраіль


Аэрапорт імя Давіда Бэн-Гурыёна ў Тэль-Авіве

Беларуская авіякампанія з пачатку новай фазы канфлікту паміж Палестынскай аўтаноміяй і Ізраілем працягвала выконваць рэйсы ў Тэль-Авіў, нягледзячы на тое, што замежныя калегі рэйсы здымалі.

Рэйс зь Менску ў Тэль-Авіў на 16 траўня не адбудзецца. Авіякампанія «Белавія» скасавала яго з-за падзей у Палестыне, але на наступны тыдзень набыць квіткі можна, рэйсы не здымаліся, піша Tut.by.

Самалёты зь Менску ў Тэль-Авіў звычайна адпраўляюцца тройчы на тыдзень — па аўторках, чацьвяргах і нядзелях. На гэтым тыдні шэраг авіякампаній, у тым ліку British Airways, нямецкая Lufthansa і расейскі «Аэрофлот» скасавалі ўсе рэйсы ў Ізраіль, а вось беларускі авіяперавозчык рэйсы выконваў, нягледзячы на працяг напружанасьці і абстрэлаў паміж арабскім блёкам ХАМАС і ізраільскім войскам.

Амэрыканскія авіякампаніі заявілі, што прыпыняюць выкананьне рэйсаў на тэрыторыю Ізраілю на нявызначаны тэрмін, пакуль будуць трываць абстрэлы.

Як паведамілі ў «Белавія», пасажыры могуць набыць квіткі на рэйсы, прызначаныя на 18, 20 і 23 траўня. Аднак варта ўлічваць, што ў залежнасьці ад сытуацыі ў Тэль-Авіве іх могуць скасаваць, як і рэйс 16 траўня.

Папярэдні палёт кампаніі ў Тэль-Авіў, які заплянавалі на вечар 13 траўня, затым перанесьлі на раніцу 14-га. У той дзень беларускі самалёт прызямліўся спачатку ў Эйлаце, а пазьней даставіў пасажыраў у Тэль-Авіў, які быў аб’яўлены ХАМАСам галоўнай цэльлю абстрэлаў.

Новая фаза канфлікту паміж паласой Газы і Ізраілем пачалася 10 траўня. З паласы Газы па ізраільскай тэрыторыі запусьцілі ракеты, у адказ Ізраіль абстраляў аб’екты ў паласе Газы і разгарнуў у гарадах сыстэму «Жалезны купал», накіраваную на ліквідацыю паветраных пагроз.

Раней 15 траўня авіяўдар Ізраілю зьнішчыў шматпавярховік, у якім былі разьмешчаныя арганізацыі СМІ, у тым ліку The Associated Press і Al-Jazeera, а таксама шэраг офісаў і кватэраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG