Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраільская армія правяла буйнамаштабную апэрацыю супраць ХАМАС


Ізраільскія вайскоўцы абстрэльваюць сэктар Газа, 12 траўня 2021
Ізраільскія вайскоўцы абстрэльваюць сэктар Газа, 12 траўня 2021

Ізраільская авіяцыя пры падтрымцы наземных падразьдзяленьняў правяла найбуйнейшую з 2014 году апэрацыю супраць радыкальнай групоўкі ХАМАС у сэктары Газа. Пра гэта паведаміла Армія абароны Ізраілю.

У апэрацыі ўзялі ўдзел 160 самалётаў. На працягу 40 хвілін яны адначасова атакавалі 150 аб’ектаў. Мэтай удараў былі тунэлі, якія ХАМАС выкарыстоўвае для хованкі і транспарту.

Наземныя падразьдзяленьні на тэрыторыю Газы ня заходзілі. Прадстаўнік Арміі абароны Ізраілю заявіў, што ў вайскоўцаў ёсьць пляны магчымай наземнай апэрацыі, але дэталяў не ўдакладняў.

ХАМАС адказаў на атаку ізраільскай арміі ракетнымі абстрэламі прымежнай тэрыторыі.

Канфлікт паміж Ізраілем і Палестынскай аўтаноміяй рэзка абвастрыўся 10 траўня. За гэты час з сэктару Газа па тэрыторыі Ізраілю было выпушчана больш за паўтары тысячы ракет. Частку зь іх перахапіла сыстэма супрацьракетнай абароны «Жалезны купал». Загінулі восем чалавек, у тым ліку адно дзіця.

Паводле зьвестак палестынскага боку, у выніку абстрэлаў загінулі больш за 100 чалавек, сярод якіх 27 — дзеці. Каля 600 чалавек атрымалі раненьні. Ізраіль сьцьвярджае, што ХАМАС разьмяшчае свае абʼекты ў жылых кварталах, ствараючы пагрозу для насельніцтва.

На вуліцах шэрагу ізраільскіх гарадоў са зьмяшаным габрэйска-арабскім насельніцтвам былі сутыкненьні, якія суправаджаліся падпаламі.

Міжнародная супольнасьць заклікае спыніць гвалт. Злучаныя Штаты падтрымалі права Ізраіля на самаабарону.

Становішча ў рэгіёне абвастрылася ў пачатку траўня праў магчымае высяленьне некалькіх арабскіх семʼяў з раёну Ўсходняга Ерусаліму. Такое рашэньне прыняў ізраільскі суд. Гэта выклікала незадаволенасьць палестынцаў. 7 траўня, пасьля вячэрняй малітвы яны сталі закідваць паліцыянтаў камянямі, бутэлькамі і кавалкамі арматуры. Рашэньне суду аб законнасьці высяленьня палестынцаў адклалі, але сутыкненьні працягнуліся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG